Сьледчая служба Армэніі выставіла новае абвінавачаньне экс-прэзыдэнту Роберту Качар’яну, які знаходзіцца пад арыштам па раней вынесеным абвінавачаньні ў зьвяржэньні канстытуцыйнага ладу.
«Качар’яну выстаўленае абвінавачваньне — атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры», — паведамілі ў офісе каманды адвакатаў Качар’яна.
Роберта Качар’яна, які быў прэзыдэнтам Армэніі з 1998 па 2008 год, 26 ліпеня абвінавацілі ў зьвяржэньні канстытуцыйнага ладу. Абвінавачваньне высунулі ў межах крымінальнай справы аб падзеях 1 сакавіка 2008 году, паведамляе Настоящее время.
1 сакавіка 2008 году, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, на якіх перамогу атрымаў Серж Саргсьян, адбыліся акцыі пратэсту. Падчас сутыкненьняў паміж сілавікамі і актывістамі загінулі дзесяць чалавек, сотні былі параненыя. Абставіны таго, як гэта здарылася, і хто аддаў загад прымяніць сілу супраць пратэстоўцаў, да гэтага часу застаюцца нявысьветленымі. Прэзыдэнтам Армэніі на той момант быў Роберт Качар’ян.
Кіраўнік Спэцыяльнай сьледчай службы Сасун Хачатр’ян 11 верасьня 2018 году заявіў, што ў пратэстоўцаў страляла армія: «Падчас нашага расьсьледаваньня ўжо ўстаноўлена, што войска ня толькі ўдзельнічала ў падзеях 1 сакавіка, але і страляла, армія страляла ў напрамку людзей, дамоў, — сказаў ён. — Гэта значыць армія ў поўнай меры ўдзельнічала ў гэтых дзеяньнях. На дадзены момант я ня ведаю, як былыя кіраўнікі нашай краіны растлумачаць, як яны зрабілі салдат арміі наймітамі».
- «Справа 1 сакавіка» доўгі час не расьсьледавалася, але было зноў адноўленая пасьля «Аксамітнай рэвалюцыі» 2018 году і прыходу да ўлады ў Армэніі Нікола Пашыньяна.
- 27 ліпеня мінулага года экс-прэзыдэнта Армэніі арыштавалі на два месяцы. Сам Качар’ян раней назваў абвінавачваньні «вендэтай».
- 13 жніўня Апэляцыйны суд задаволіў хадайніцтва адвакатаў экс-прэзыдэнта і зьмяніў для яго меру стрыманьня, вызваліўшы яго з-пад варты. 46 дэпутатаў Нацыянальнага сходу Армэніі прадставілі ў суд даручальніцтва для вызваленьня экс-прэзыдэнта.
- У сьнежні мінулага году Качар’яна зноў арыштавалі.
- Акрамя Качар’яна, па «справе 1 сакавіка» праходзяць таксама: былы міністар абароны Армэніі Мікаэл Артуюньян (цяпер ён знаходзіцца ў вышуку) і Юрый Хачатураў, які ў 2008 годзе ён камандаваў ерэванскім гарнізонам, а цяпер знаходзіцца на пасадзе генэральнага сакратара АДКБ.