13 лютага пройдзе разьвітаньне з ахвярамі нападу ў стаўпецкай школе — настаўніцай стаўпецкай школы № 2 Марынай Пархімовіч і вучнем Аляксандрам Р., якія загінулі 11 лютага.
Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміла намесьніца старшыні Стаўпецкага райвыканкаму Жанна Лысая.
Разьвітаньне з Марынай Пархімовіч пройдзе дома ў 11 гадзін, а ў 11.30 разьвітаньне з вучнем Аляксандрам.
Марыну Пархімовіч пасьля адпяваньня ў 12 гадзін у царкве пахаваюць на могілках роднай для яе вёсцы Шашкі, а вучня пасьля адпяваньня ў стаўпецкай царкве ў 12 гадзін, пахаваюць на стаўбцоўскіх могілках.
Сем'ям аказалі дапамогу
Жанна Лысая сказала, што сваякам загінулых і пацярпелых аказалі матэрыяльную дапамога.
«Па рашэньні сэсіі раённага савета дэпутатаў была аказана дапамога ў памеры 400 базавых велічынь сем"ям загінулых і па 200 базавых — сем’ям параненых юнакоў».
Пацярпелых перавялі ў хірургічнае аддзяленьне
Паводле інфармацыі Жаны Лысай на 12 лютага, самаадчуваньне двух юнакоў, якія былі параненыя пры нападзе, цяпер добрае.
«Я іх сёньня наведвала. Іх перавялі з рэанімацыі ў хірургічнае адзьдзяленьне. У хлопцаў добры настрой, яны размаўлялі з бацькамі. На дадзены момант пагрозы іхнаму жыцьцю, на шчасьце, няма», — сказала Жанна Лысая.
Забойства ў стаўпецкай школе. Асноўнае
- Паводле сьледзтва 11 лютага ў стаўпецкай сярэдняй школе № 2 вучань 10 клясы напаў з нажом на настаўніцу і трох вучняў.
- 50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства і вучань 11 клясы загінулі, двух аднаклясьнікаў нападніка шпіталізавалі з раненьнямі.
- Сьледчы камітэт завёў крымінальныя справы за забойства двух і больш чалавек і спробу забойства. Паводле ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі нападніку могуць прысудзіць ад 8 да 12 гадоў турмы.