Дэмакраты і рэспубліканцы ў Кангрэсе ЗША дасягнулі папярэдніх дамоўленасьцяў у пытаньні бясьпекі паўднёвых межаў. Гэта павінна дапамагчы прадухіліць чарговае прыпыненьне працы ўраду 15 лютага, калі скончыцца адведзены на перамовы тэрмін.
Як паведаміў журналістам сэнатар-рэспубліканец Рычард Шэлбі, кангрэсмэнам удалося дасягнуць «прынцыповага пагадненьня» на закрытай сустрэчы, якая працягвалася да позьняга вечара 11 лютага. Дэталяў пагадненьня ён не раскрыў. Яны, паводле Шэлбі, яшчэ прапрацоўваюцца.
Пакуль незразумела, ці падтрымае дамоўленасьці прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, які 12 лютага выступае перад прыхільнікамі ў Тэхасе.
Праект пагадненьня прадугледжвае выдзяленьне 1,375 мільярда даляраў на будаўніцтва загароды на амэрыкана-мэксыканскай мяжы. Трамп патрабуе на сьцяну 5,7 мільярда даляраў.
Калі бакам ня ўдасца дасягнуць пагадненьня да канца гэтага тыдня, урад ЗША можа зноў часткова прыпыніць сваю працу.
25 студзеня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў аб аднаўленьні працы ўрадавых установаў пасьля «шатдаўну», які пачаўся ў канцы 2018 году, доўжыўся 35 дзён і стаў самым доўгім у гісторыі ЗША.