Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мясьніковіч паехаў зь візытам у Варшаву пазьней на тры месяцы


Старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч, архіўнае фота
Старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч, архіўнае фота

11-14 лютага парлямэнцкая дэлегацыя Беларусі на чале са старшынём Савету Рэспублікі Міхаілам Мясьніковічам наведае Польшчу.

Пад час візыту чакаюцца перамовы з прэзыдэнтам Польшчы Анджэем Дудам і прэм’ер-міністрам Матэвушам Маравецкім, заплянаваныя сустрэчы з маршалкамі Сэнату і Сэйму Станіславам Карчэўскім і Марэкам Кухціньскім, міністрам замежных спраў Яцэкам Чапутовічам.

Паводле прэсавай службы Савету Рэспублікі, акцэнт будзе зроблены на ролі парлямэнцкага вымярэньня ва ўмацаваньні беларуска-польскіх дачыненьняў, бакі абмяркуюць гандлёва-эканамічнае і інвэстыцыйнае супрацоўніцтва, узаемадзеяньне ў галінах адукацыі, навукі, культуры. Чакаецца, што па выніках будзе падпісаная дамова аб сацыяльным забесьпячэньні беларусаў, якія да выхаду на пэнсію працавалі нейкі час у Польшчы, і палякаў, якія працавалі ў Беларусі. Беларуская дэлегацыя наведае Польскую акадэмію навук.

Міхаіл Мясьніковіч пабывае таксама ў Беластоку. Там ён сустрэнецца з прадстаўнікамі беларускай нацыянальнай меншасьці ў Польшчы, кіраўніцтвам Падляскага ваяводзтва, а таксама наведае Беластоцкі мэдыцынскі ўнівэрсытэт.

Лагвінец: Дуда прыме Мясьніковіча, бо Лукашэнка прымаў Карчэўскага

Палітоляг Алесь Лагвінец у камэнтары Свабодзе, заявіў, што, на ягоную думку, факт абвешчанай сустрэчы старшыні Савета Рэспублікі Беларусі і прэзыдэнта Польшчы не павінен зьдзіўляць:

Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец

«Калі калега Мясьніковіча па пасадзе пан Карчэўскі прыяжджаў у Менск, то яго прымаў кіраўнік беларускай дзяржавы. Так што ў гэтым выпадку маем толькі адпаведнасьць дыпляматычнаму пратаколу: у Менску былі перамовы прэзыдэнта і сьпікера, такі самы фармат захаваецца і ў Варшаве».

Паводле кулюарных зьвестак, адна, калі не самая галоўная, мэта паездкі Мясьніковіча — падрыхтоўка афіцыйнага візыту ў Польшчу Аляксандра Лукашэнкі. Беларускі экспэрт не выключае такой магчымасьці.

«Беларускім уладам, каб прасьцей весьці перамовы з Расеяй, важна паказаць, што ў іх ёсьць выхад на Захад. Зараз абмежаваньняў з боку Эўразьвязу на наведваньне Лукашэнкам эўрапейскіх краінаў няма. Так што фармальна ў Варшавы рукі разьвязаныя. Але паколькі беларускія ўлады ня выканалі амаль нічога з таго, што раней абяцалі палякам, то цяпер апошняе слова за Варшавай. Наагул цікава, што Мясьніковіч будзе ў Варшаве як раз у той час, як Лукашэнка будзе сустракацца з Пуціным у Сочы. Мне здаецца, гэта ня проста супадзеньне».

Пачобут: мы бачым дыскрымінацыю дзяцей, якія хочуць вучыцца на польскай мове

Сябра галоўнай рады Саюзу палякаў у Беларусі Анджэй Пачобут кажа Свабодзе, што апошнім часам станоўчых зрухаў з боку беларускіх уладаў да польскіх справаў не адбылося.

Анджэй Пачобут
Анджэй Пачобут

«Калі нібыта ў Беларусі пачалася лібэралізацыя, то яна дзіўным чынам супала з пагаршэньнем сытуацыі з польскай школай у Горадні. Практычна адначасова туды перасталі прымаць дзяцей, якія жадалі вучыцца на польскай мове. У суседніх школах заняткі праходзяць у дзьве, а то нават і ў тры зьмены. А тут, не пабаюся гэтага слова, сапраўдная дыскрымінацыя польскай меншасьці», — кажа Анджэй Пачобут.

Што тычыцца магчымага візыту ў Польшчу Аляксандра Лукашэнкі, то актывіст Саюзу палякаў упэўнены: гаварыць пра гэта заўчасна.

Чаму кастрычніцкі візыт Мясьніковіча перанесьлі

Міхаіл Мясьніковіч зьбіраўся наведаць Польшчу яшчэ 24 кастрычніка 2018 году. Візыт быў прымеркаваны да польска-беларускага эканамічнага бізнэс-форуму, які ў той дзень стартаваў у Варшаве. У ім бралі ўдзел, дарэчы, 38 беларускіх прадпрыемстваў з розных галін прамысловасьці. А галоўнай мэтай сустрэчы бізнэсоўцаў назвалі паглыбленьне эканамічнага супрацоўніцтва паміж Польшчай і Беларусьсю празь непасрэдныя кантакты паміж прадпрымальнікамі зь дзьвюх краінаў.

Таксама старшыня Савету Рэспублікі заплянаваў сустрэчу з прадстаўнікамі беларускай меншасьці ў Польшчы. Але яе адмянілі ў самы апошні момант. Намесьнік старшыні Беларускага грамадзка-культурнага таварыства Васіль Сегень тады заявіў:

Васіль Сегень
Васіль Сегень

«Сустрэчу адмянілі амаль у апошні момант. Для нас гэтая інфармацыя была нечаканай. Нам патэлефанавалі, каб мы паведамілі ўсім запрошаным, што сустрэча адмененая. Прычын дакладных не назвалі».

Ні Менск, ні Варшава не далі афіцыйнага тлумачэньня адмены візыту Мясьніковіча. Але ад некаторых палітыкаў у прыватных размовах можна было пачуць, што ён не паехаў таму, што польскія ўлады нібыта былі супраць таго, каб Мясьніковіч ускладаў кветкі да магілаў беларусаў, якія сталі ахвярамі Рамуальда Райса «Бурага».

Гэты камандзір антыкамуністычнага падпольля ў студзені і лютым 1946 году спаліў некалькі вёсак зь праваслаўным беларускім насельніцтвам на Гайнаўшчыне, забіўшы або спаліўшы жыўцом каля сямі дзясяткаў чалавек.

У Польшчы Бурага называюць «неадназначнай постацьцю». Летась у Гайнаўцы прайшоў так званы «Трэці марш у памяць выклятых жаўнераў». Ягоным галоўным героем быў «Буры».

Падчас цяперашняга візыту Мясьніковіча заплянавана наведваньне Беластоку. А пра Гайнаўку пакуль нічога не чуваць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG