Дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га і 13-га скліканьняў, беларускі палітычны дзеяч Сямён Домаш памёр раніцай 9 лютага ў сваім аўтамабілі. 2 студзеня яму споўнілася 69 гадоў. Гэтую інфармацыю Свабодзе пацьвердзіў Аляксандар Мілінкевіч. Прычыны сьмерці пакуль невядомыя.
Сямён Домаш нарадзіўся ў вёсцы Тумашы Берасьцейскай вобласьці ў 1950 годзе. У 1993 г. абраны старшынёй Горадзенскага аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў. Пасьля быў дэпутатам Вярхоўнага савету.
На прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году Сямён Домаш быў адным з кандыдатаў ад аб‘яднанай апазыцыі.
Ягоную кандыдатуру падтрымліваў палітычны рух «Рэгіянальная Беларусь», структуры якога дзейнічалі практычна ва ўсіх рэгіёнах краіны. Перад самымі выбарамі, згодна з ранейшымі дамоўленасьцямі ў межах аб’яднанай апазыцыі, Домаш зьняў сваю кандыдатуру на карысьць адзінага кандыдата — Уладзімера Ганчарыка.
Падчас выбарчай кампаніі 2001-га году Сямён Домаш патрапіў у менскі шпіталь, пазьней яму зрабілі апэрацыю ў Кракаве. Пасьля мінулых прэзыдэнцкіх выбараў Домаш часова працаваў у камэрцыйных структурах, а потым доўгі час быў бяз працы.
Апошні год перад першымі прэзыдэнцкімі выбарамі 1994 году ён быў кіраўніком выканаўчае і заканадаўчае ўлады Гарадзенскай вобласьці, а пасьля абраньня Аляксандра Лукашэнкі і да рэфэрэндуму 1996 году Сямён Домаш — старшыня толькі абласнога савету. У той самы час Домаш зьяўляўся дэпутатам і сябрам Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня.
У 2006 годзе ўзначаліў рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Гродзенскае вытворчае гарбарнае аб’яднаньне». Пазьней працаваў адным з кіраўнікоў горадзенскага харчовага прадпрыемства ABC. Публічнасьці пазьбягаў, інтэрвію не даваў.