Гэта паведаміў журналістам 8 лютага кіраўнік дыпляматычнай місіі Японіі ў Беларусі Хірокі Такунага.
«Цырымонія ўзыходжаньня новага імпэратара на пасад прызначаная на 22 кастрычніка. У ёй прадугледжаны ўдзел лідэраў дзяржаў. Сярод запрошаных і Аляксандар Лукашэнка. Калі ён наведае Токіё, гэта будзе для нас вялікі гонар», — сказаў дыплямат.
Паводле японскіх традыцыяў, гэтая цырымонія праходзіць у два этапы. 30 красавіка адбудзецца адрачэньне дзейнага імпэратара ад трона, 1 траўня адзначаецца ўступленьне насьледнага прынца на пасад. Але абедзьве гэтыя цырымоніі праводзяцца толькі зь удзелам грамадзянаў Японіі.
А вось цырымонія ўзыходжаньня на пасад сьвяткуецца зь удзелам іншаземцаў.
Лукашэнка лятаў у Японію на зімовыя Алімпійскія гульні
У 1998 годзе зімовая Алімпіяда праводзілася ў японскім горадзе Нагана. Сьведкі тых падзеяў згадваюць, што першапачаткова кіраўнік Беларусі меў намер выкарыстаць гульні ў якасьці падставы для афіцыйнага візыту ў Японію. Аднак японцы адмовіліся абмяркоўваць гэтую тэму, і Лукашэнка адмяніў паездку ў Нагана.
Але пасьля таго, як хакеісты зборнай Беларусі перамаглі французаў (4:0) і немцаў (8:2), Лукашэнка заявіў, што неадкладна адпраўляецца ў Нагана. Гэтая паездка адбылася. Але перамагчы ні канадцаў (0:5), ні амэрыканцаў (2:5), ні швэдаў (2:5), ні расейцаў (1:4) зборнай Беларусі тады не атрымалася.