Канцэпцыя альбому — гісторыя чалавечага жыцьця ад нараджэньня да скону. Паслухаць можна на Soundcloud і iTunes. Пра зьяўленьне рэлізу Вольскі напісаў у сваім акаўнце ў «Фэйсбуку».
Новы альбом Лявона Вольскага, як і папярэдні, быў запісаны ў Вільні з нарвэскім саўндпрадусарам Снорам Бэргерудам. Ён завяршае трылёгію альбомаў «Грамадазнаўства» (2014) і «Псыхасаматыка» (2016).
«У гэты дзень хачу найперш падзякаваць усім, хто падтрымаў краўдфандынг — для мяне гэта неацэнна. Канцэпцыя альбому — гісторыя чалавечага жыцьця, ад нараджэньня і да скону, з прывязкай да пэўнай тэрыторыі. Спачатку юнацкі максымалізм, мары, летуценьні, першае каханьне, за імі пераход у дарослы час, калі шмат што ня спраўдзілася, ды яшчэ сыстэма ўрываецца ў тваё жыцьцё і бязбожна яго рэдагуе. А пасьля ўжо сталасьць, калі адыходзяць сябры і людзі вакол і трэба падводзіць вынікі. Шмат у чым невясёлыя», — адзначыў Лявон Вольскі.
Канцэртная прэзэнтацыя альбому адбудзецца ў менскім клюбе Prime Hall 2 сакавіка.