Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сацыялізм у ЗША ня пройдзе,— прэзыдэнт Трамп выступіў са штогадовым дакладам перад Кангрэсам


Віцэ-прэзыдэнт ЗША Майк Пэнс, спікер Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі слухаюць прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.
Віцэ-прэзыдэнт ЗША Майк Пэнс, спікер Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі слухаюць прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп выступіў са штогадовым пасланьнем «Аб становішчы спраў у краіне»​ на сумесным пасяджэньні Сэнату і Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША ў Вашынгтоне.

Гэта другі зварот Трампа на пасадзе кіраўніка дзяржавы, паведамляе «Голас Амэрыкі»​.

Пра эканамічныя дасягненьні

Першую частку прамовы прэзыдэнт прысьвяціў эканамічным посьпехам, дасягнутым за два гады ягонага прэзыдэнцтва. Ён згадаў эканамічны рост, у два разе большы, чым у апошнім дзесяцігодзьдзі, самае нізкае за 50 гадоў беспрацоўе, рэкордны ўзровень стварэньня новых працоўных месцаў.

Ён дадаў, што ў Кангрэсу засталося дзесяць дзён на прыняцьце законапраекту аб фінансаваньні ўраду.

Прэзыдэнт Трамп заклікаў рэспубліканцаў і дэмакратаў аб’яднацца для таго, каб перабудаваць і абнавіць транспартную інфраструктуру, актывізаваць даследаваньні для барацьбы з эпідэміяй ВІЧ, для лячэньня раку, асабліва сярод дзяцей. Акрамя таго, прэзыдэнт ЗША заклікаў Кангрэс пакончыць з сытуацыяй, калі цэны на лекі ў ЗША — адны з самых высокіх у сьвеце.

«Наступны галоўны прыярытэт для мяне і ўсіх нас — панізіць кошт мэдыцынскага абслугоўваньня і лекаў. Дзякуючы намаганьням маёй адміністрацыі у 2018 годзе цэны на лекі панізіліся найбольш за 46 гадоў», — заявіў прэзідэнт Трамп.

Кіраўнік ЗША падкрэсьліў, што амэрыканцы ўстрывожаныя заклікамі да сацыялізму ў ЗША. Паводле яго, гэтага ніколі не адбудзецца.

«Амэрыка была заснаваная на прынцыпах незалежнасьці і свабоды. Мы народжаныя свабоднымі, і мы застанемся свабоднымі», — заявіў Трамп.

Пра сьцяну на мяжы з Мэксікай

Прэзыдэнт ЗША нагадаў, што ён настойвае на ўнясеньні ў фэдэральны бюджэт радка аб выдзяленьні грошай на ўзьвядзеньне бар’еру на мяжы ЗША з Мэксікай. Паводле Трампа, законапраект аб бюджэце «дазволіць абараніць нашу радзіму і абараніць нашу паўднёвую мяжу».

Кіраўнік дзяржавы нагадаў прысутным пра новы буйны караван імігрантаў, які рухаецца зараз з поўдня на поўнач Мэксікі. Трамп сказаў, што ён зноў накіраваў вайскоцаў да паўднёвай мяжы.

Паводле яго, нелегальная іміграцыя ўяўляе сабой пагрозу для «бясьпекі і дабрабыту Амэрыкі». Прэзыдэнт ЗША заклікаў да правядзеньня іміграцыйнай рэформы. Ён падкрэсьліў, што за адсутнасьць бясьпекі на мяжы расплачваюцца шараговыя амэрыканцы.

Прэзыдэнт паведаміў, што ягоная адміністрацыя накіравала ў Кангрэс плян, які дазволіць пакончыць з памежным крызісам. Гэты план прадугледжвае ўзвядзенне на мяжы «разумнага, стратэгічнага, празрыстага сталёвага бар’еру, а ня проста бэтоннай сцяны», падкрэсьліў Трамп, дадаўшы, што «сьцены працуюць, ратуючы жыцьці людзей».

​Выступ прэзыдэнта Дональда Трампа ў Кангрэсе ЗША

Пра разрыў ракетнай дамовы з Расеяй

Гаворачы пра дэнансацыю Дамовы аб зьнішчэньні ракет меншай і сярэдняй далёкасьці (РСМД), прэзыдэнт Трамп ўсклаў віну на Расею:

«Дзясяткі гадоў таму ЗША заключылі дамову з Расеяй, у яком мы пагадзіліся абмежаваць і паменьшыць нашыя ракетныя ўзбраеньні. У той час, калі мы прытрымліваліся кожнай літары Дамовы, Расея раз за разам парушала яе. Вось чаму я абвясьціў, што ЗША афіцыйна выходзяць з Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і малой далёкасьці», — адзначыў Трамп.

Дамова аб зьнішчэньні РСМД была падпісаная ў 1987 годзе прэзыдэнтамі ЗША і СССР стала першай угодай у кантролі за ўзбраеньнямі, якая забараніла цэлы кляс узбраеньняў: крылатыя ракеты наземнага базаваньня з радыусам дзеяньня ад 500 да 5000 кілямэтраў.

Расея абвяргае абвінавачваньні ў тым, што яна парушае пагадненьне. Прыкладам парушэння дамовы з боку Расеі ЗША называюць новыя расейскія ракеты 9М729. ЗША ня мае ў Эўропе аналягаў гэтай зброі, здольнай дасягнуць эўрапейскіх сталіц і вайсковых базаў ЗША ў рэгіёне за кароткі прамежак часу.

Трамп пакінуў адкрытай магчымасьць заключэньня новай дамовы з удзелам Кітаю. Калі ж гэтага не адбудзецца, то ЗША перасягнуць ўсіх сапернікаў ў выдатках на новыя ўзбраеньні і ў інавацыях, папярэдзіў прэзыдэнт Трамп.

Дональд Трамп таксама заявіў, што ягоныя перамовы зь лідэрам Паўночнай Карэі дапамаглі пазьбегнуць вайны, і паведаміў, што новая сустрэча з Кім Чэн Ынам пройдзе 27-28 лютага ў Віетнаме.

Першапачаткова выступленьне прэзыдэнта перад Кангрэсам плянавалася на 29 студзеня. Аднак яно было перанесенае з прычыны так званага «шатдаўну» — частковага прыпыненьня працы ўраду.

Прэзыдэнт ЗША выступае са штогадовым пасланьнем да Кангрэсу згодна з Канстытуцыяй краіны. Зь першым такім пасланьнем у 1790 году выступіў першы прэзыдэнт Злучаных Штатаў Джордж Вашынгтон.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG