Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі б я быў Лукашэнкам, то рабіў бы тое самае


BELARUS - Belarussian President Alexander Lukashenko speaks during a meeting with the media in Minsk, Belarus December 14, 2018
BELARUS - Belarussian President Alexander Lukashenko speaks during a meeting with the media in Minsk, Belarus December 14, 2018

Лукашэнка вядзе сваю перадвыбарчую кампанію, што ажно пыл стаіць. Ясна, што выбараў у краіне няма, таму на канчатковы вынік гэта не паўплывае. Але мэта відавочная — паказаць, што альтэрнатывы яму краіне не існуе.

Сваю задачу Лукашэнка назваў чыноўнікам яшчэ ў лістападзе — «Мы должны подойти к выборам так, чтобы в умах людей даже не было альтернативы». Усё так і адбываецца. Штучна разьдзімаецца прыдуманы канфлікт з Расеяй, каб потым абвясьціць сябе пераможцам. Пры нагодзе і Захад атрымае тое, што хоча пачуць: Беларусь сапраўды ўмацоўвае незалежнасьць. А значыць, і Захад ня ўбачыць альтэрнатывы.

Дзьмітры Гурневіч
Дзьмітры Гурневіч

Нейкія дзяжурныя заявы, адказы на пытаньні журналістаў падносяць як нешта неверагоднае, чаго ніколі раней не было. Не было — і цяпер ізноў. Гэтыя заявы былі заўсёды. І пачаліся пасьля таго, як Лукашэнка пачаў кіраваць краінай.

Калі б я быў Лукашэнкам (выключна для гэтага тэксту) і калі б маёй адзінай задачай было захаваць сваю ўладу, то пускаць людзям пыл у вочы — самы просты і эфэктыўны мэханізм. Усё перавярнуць з ног на галаву, усё навокал зблытаць. Народ наш хоць і ня супраць саюзу з Расеяй, але ўсё роўна за незалежнасьць. Таму спачатку Лукашэнка клянецца папаўзьці на каленях у Расею, будуе саюз, папулярызуе расейскую мову, а потым, нібы той Супэрмэн, абяцае бараніць беларусаў ад тых жа, да каго меўся паўзьці і ўсё яшчэ паўзе. Толькі паўзеньне — рэальнасьць, а абарона — чыста сымбалічная.

Фішкай гэтай выбарчай кампаніі Лукашэнкі будзе ня рост дабрабыту. Сытуацыя надта ж ужо відавочная, і ніхто так проста ў гэтыя абяцаньні не паверыць. Самы надзейны спосаб — пераключыць незадаволенасьць людзей з эканомікі на іншыя клопаты. Маўляў, ага, можа і не багата, дык хаця ў сваёй хаце. Таго, што хату яшчэ нядаўна хацелі перавезьці ў іншы двор і многія жэрдкі з будынку ўжо туды перацягнулі, узгадваць ніхто ня будзе.


Гэтым разам Лукашэнка будзе бараніць незалежнасьць. Пра яе цяпер будуць галасіць з кожнага праса. Але бараніць будуць так, каб і воўк быў сыты, і авечкі цэлыя. Спачатку запусьцяць качку, што нібыта на мяжы з Расеяй пачалі ставіць памежныя слупы, а праз пару дзён усё абвергнуць. Але піпл можа схаваць, бо вядома, што дыму ж без агню не бывае.

На галашэньні ўсё і скончыцца. Таго, што дае сапраўдную незалежнасьць, ад Лукашэнкі мы не дачакаемся. Бо сыстэма, якую ён стварыў, амаль не пакідае яму варыянтаў. Ён ня выведзе Беларусь ані з вайсковых блёкаў з Расеяй, ані з Эўразійскага саюзу, ані з Мытнага зьвязу, ані з АДКБ. Ніхто не абмяжуе расейскі інфармацыйны ўплыў. Будуць далей штрафаваць «Белсат» і множыць чарговыя «Белтагейты», як усе апошнія 25 гадоў. Хто помніць абяцаньне гадоў мо 5 таму ўвесьці дыктатуру дэмакратыі? Ужо каторы год зьмяншаюць колькасьць праверак і даюць свабоду бізнэсу, ды так, што ён ледзь сапе, апрача тых, хто мае доступ да самых смачных кавалкаў торту.

Ніхто не ўвядзе нават няшчасныя 30% беларускай мовы на дзяржаўных каналах, ніхто не пачне ўводзіць яе ў школы і ВНУ. Будуць працягвацца старыя стогны, што трэба паступова, каб ня гнаць коней. Усё будзе гэтаксама, як і ўсе папярэднія 25 год. Але ня так тапорна, а больш далікатна. Бо вырасла новае пакаленьне, і розныя інтэрнэты патрабуюць мяняць тактыку.


Я б на месцы Лукашэнкі таксама падаграваў бы валтузьню з Расеяй. Гэта ж падарунак нябёсаў. Бяры любы ўкід і разжоўвай да пасіненьня. Стварай інфармацыйныя нагоды, атмасфэру пагрозы, анэксіі, захопу — і потым, калі ўсё сьціхне, абвяшчай сябе гарантам незалежнасьці, кажы, што менавіта ты ўсё гэта нармалізаваў. І так ужо чвэрць стагодзьдзя.

На Крэмль гэта ня робіць ніякага ўражаньня. Там і так ведаюць, што ўсе гэтыя заявы, часам пагрозы або сьлёзы зь Менску — несур’ёзны тэатар. Масква сьлязам ня верыць. Задача ў тым, каб паверыла Беларусь.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG