МЗС Беларусі занепакоенае выхадам ЗША з Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці (РСМД), заявіў намесьнік начальніка ўпраўленьня інфармацыі і лічбавай дыпляматыі Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Шупляк.
Пра што гаворка?
Дамова аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці была падпісаная кіраўнікамі ЗША і СССР у 1987 годзе. Паводле яе бакі абавязваліся зьнішчыць усе комплексы балістычных і крылатых ракет наземнага базаваньня, а таксама не вырабляць і не праводзіць выпрабаваньняў такіх ракет у будучыні.
А што адбываецца?
Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо абвясьціў, што Злучаныя Штаты ад 2 лютага пачнуць працэс дэнансацыі Дамовы аб ліквідацыі РСМД. У адказ на гэта Ўладзімір Пуцін 2 лютага заявіў, што Расея прыпыняе ўдзел у дамове.
Вашынгтон сьцьвярджае, што Масква парушыла дамову аб РСМД, стварыўшы і разгарнуўшы ракетную сыстэму 9М729. Цяпер Расея валодае 100 такімі ракетамі.
Масква абвяргае ўсе абвінавачаньні, заяўляючы, што далёкасьць палёту ракеты 9М729 складае 480 кілямэтраў, што на 20 кілямэтраў менш за ніжнюю мяжу, вызначаную дамовай.
Што сказалі ў МЗС Беларусі?
- Дамова аб ліквідацыі РСМД паклала пачатак ядзернаму раззбраеньню, гэта спрыяла аднаўленьню даверу на міжнароднай арэне і зьніжэньню глябальнай напружанасьці.
- Беларусь занепакоеная будучыняй дамовы, бо ўдзельнічае ў ёй.
- Цяперашняя сытуацыя вакол дамовы пагражае «эскаляцыяй канфліктнага патэнцыялу і новым вітком гонкі ўзбраеньняў», што будзе мець «доўгатэрміновыя наступствы» для Эўропы.
- Дамову трэба захаваць. Нельга дапусьціць разьмяшчэньня ракет у Эўропе.
- «Беларусь заклікае ЗША і Расею зноў праявіць высокую адказнасьць за лёс сьвету, як гэта зрабілі СССР і ЗША 30 гадоў таму, для таго каб папярэдзіць дэстабілізуючае ўзьдзеяньне гэтага тыпу ўзбраеньняў на бясьпеку ў Эўразійскім рэгіёне».