Паліцыя ў Каба-Вэрдэ канфіскавала 9,5 тонаў какаіну і арыштавала 11 чалавек на расейскім караблі. Карабель стаяў ў порце Прая — сталіцы гэтай краіны, якая месьціцца на выспах у Атлянтычным акіяне каля заходняга ўзьбярэжжа Афрыкі.
Як паведамляе агенцтва Reuters, усе арыштаваныя — расейскія грамадзяне. Інфармацыю ў паліцыю паведамілі прадстаўнікі цэнтру, які каардынуе антынаркатычныя апэрацыі сямі краінаў Эўразьвязу.
Расейскі карабель ішоў у Марока з Паўднёвай Амэрыкі. Паводле паліцыі, карабель спыніўся ў порце пасьля сьмерці аднаго з чальцоў экіпажу.
У канцы лютага 2018 году аргентынскія ўлады паведамілі, што ў школе пры пасольстве Расеі ў Аргентыне знайшлі 12 валізак з амаль 400 кіляграмамі какаіну. Яны былі зарэгістраваныя як дыпляматычны багаж. Каб вызначыць, хто мае дачыненьне да наркатрафіку, какаін замянілі на муку і адправілі ў Маскву.
Мэдыі паведамлялі, што для перавозу выкарыстоўвалі самалёт спэцыяльнага лётнага атраду «Россия», на якім лётае сакратар Савету бясьпекі Расеі Мікалай Патрушаў. У ведамстве гэтую інфармацыю назвалі «фэйкам». Але паліцыя Аргентыны пацьвердзіла сапраўднасьць здымкаў самалёта.
У так званай «какаінавай справе» былі арыштаваныя шэсьць чалавек — тры меркаваныя супольнікі кантрабандыстаў у Расеі, кіраўнікі фонду «Рускія праваслаўныя мэцэнаты ў Лацінскай Амэрыцы» Іван Блізьнюк і Аляксандр Чыкала ў Аргентыне. Меркаваны арганізатар паставак какаіну Андрэй Кавальчук быў затрыманы ў Нямеччыне, але ў канцы ліпеня 2018 году яго выдалі Расеі.