Старшыня Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Пятро Цыгікал у інтэрвію Свабодзе заявіў, што ўлады Беларусі не павінны хвалявацца, што праз агульны ўчастак мяжы з тэрыторыі Ўкраіны незаконна перамесьцяць зброю.
«Кожны месяц адбываецца абмен зьвесткамі паміж памежнымі ведамствамі Беларусі і Ўкраіны, якія канстатуюць адсутнасьць такіх праблем. Такіх рызык практычна не існуе. Адбываюцца вельмі немаштабныя затрыманьні, і ў асноўным яны датычацца выпадкаў, калі спрабуюць перавезьці прыстасаваньні для зброі, у якой выкарыстоўваюцца гумавыя кулі», — сказаў Пятро Цыгікал у інтэрвію Свабодзе.
Паводле яго, супраца ўкраінскіх ды беларускіх памежнікаў адбываецца «ў штатным рэжыме»:
«У нас вельмі сяброўскія стасункі з кіраўніцтвам Памежнага камітэту Беларусі. Я ня бачу ніякіх пагроз. Памежная служба Беларусі ўзаемадзейнічае з намі безь якіх-небудзь аглядак на Расею».
Пятро Цыгікал таксама мяркуе, што дэмаркацыю беларуска-ўкраінскай мяжы завершаць раней за прадугледжаныя тэрміны (пэрспэктыўны плян, зацьверджаны беларуска-ўкраінскай дэмаркацыйнай камісіяй, прадугледжвае завяршэньне работ у 2026 годзе. — РС).
«Ніякага зацягваньня гэтага працэсу няма. І ніякіх палітычных складанасьцяў ці праблемаў у гэтым працэсе таксама не існуе», — падкрэсьліў Пятро Цыгікал. Кіраўнік памежнай службы Ўкраіны дадаў, што спрэчкі наконт вызначэньня межаў у Валынскай ды Жытомірскай абласьцях не набылі масавага характару.
Менавіта ў выніку пратэстаў жыхароў памежных украінскіх раёнаў дэмаркацыя была замаруджаная на два гады.
Як зьявілася тэма кантрабанды зброі ў беларуска-ўкраінскіх дачыненьнях
У верасьні 2018 году Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы зь дзяржсакратаром Савету бясьпекі Станіславам Засем і старшынём Дзяржаўнага памежнага камітэту Анатолем Лапо заявіў аб вялікай колькасьці зброі, што перапраўляецца з Украіны:
«Мы прынялі рашэньне аб умацаваньні мяжы з Украінай. Мы бачым, колькі адтуль ідзе сёньня бяды для Беларусі і ў тым ліку зброі перапраўляецца. Мы павінны закрыць мяжу. Але не для прыстойных людзей, а для бандытаў, для тых, хто вязе зброю», — заявіў Лукашэнка.
Украінскі бок інфармацыю аб патоку кантрабанды зброі ў Беларусь зьняпраўдзіў. Але пазьней гэтую тэму Аляксандар Лукашэнка закранаў двойчы — спачатку на сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным і яшчэ праз пэўны час з экс-прэзыдэнтам Украіны Віктарам Юшчанкам.
Толькі сёлета ў студзені на сустрэчы зь беларускімі дыпляматамі Аляксандар Лукашэнка ўдакладніў, што зброя трапляе ў Беларусь праз участак расейска-ўкраінскай мяжы на ўсходзе Ўкраіны, які не кантралюецца ўкраінскімі ўладамі.