Амаль праз два гады пасьля вызваленьня з турмы праваабаронца Андрэй Бандарэнка дамогся кампэнсацыі шкоды ад Магілёўскага раённага аддзяленьня сьледчага камітэту.
Увосень 2016 году ведамства распачало ў дачыненні да яго крымінальную справу па ч.2 арт.411 КК («Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы»). Артыкул прадугледжваў да 2 гадоў пазбаўленьня волі. Замест гэтага праваабаронца атрымае 7 500 рублёў, рашэньне ўступіла ў законную сілу.
Як нагадвае сайт «Плятформы», у часе разьбіральніцтва крымінальнай справы суд Ленінскага раёну Магілёва прызнаў праваабаронцу невінаватым і 30 сакавіка 2017 году вынес апраўдальны прысуд у сувязі з адсутнасьцю ў яго дзеяньнях складу злачынства.
Як Бандарэнка судзіўся за кампэнсацыю
Калі яго прызналі невінаватым, Бандарэнка сам падаў у суд на сьледчых. Аднак працэс зацягнуўся: адна і тая ж норма тлумачылася рознымі судамі па-рознаму. Суд Маскоўскага раёну Менска адмовіўся пачынаць справу аб кампэнсацыі, паведаміўшы, што ў парадку арт. 462 КПК за Бандарэнкам спачатку павінна быць прызнана права на пакрыцьцё шкоды.
«Спачатку кажуць, што прызнаваць права на кампэнсацыю шкоды ня трэба і дастаткова проста зьвярнуцца з грамадзянскім пазовам, а затым адмаўляюць у задавальненьні патрабаванняў на падставе таго, што не прызнана права на пакрыцьцё шкоды. Нонсэнс! — пракаментаваў Андрэй Бандарэнка. — Быў чыста спартыўны інтарэс, што скажа Вярхоўны суд, які да гэтага падтрымаў вызначэньне суду Ленінскага раёну Магілёва».
У канцы жніўня 2018 году Вярхоўны суд вынес пратэст на вызначэньне суду Маскоўскага раёну Менска і вызначэньне судовай калегіі па грамадзянскіх справах Менскага гарадзкога суду, паказаўшы, што адказнасьць за прычыненую грамадзяніну шкоду ў выніку незаконнага прыцягненьня ў якасьці абвінавачанага прадугледжана ч.1 арт. 939 Грамадзянскага кодэксу Беларусі.
У выніку бакі пагадзіліся зь Вярхоўным судом, што пазоў трэба задаволіць, паколькі ёсьць рашэньне вышэйшай судовай інстанцыі.
«У выніку мы атрымалі ня толькі першы апраўдальны прысуд па 411-м артыкуле за ўсю гісторыю нашай краіны, але першую кампэнсацыю», — падсумаваў Андрэй Бандарэнка.
Крымінальная справа на Бандарэнку была заведзеная, калі ён адбываў тэрмін у калёніі. У 2014 годзе ён быў асуджаны за хуліганства, фігуравалі эпізоды з бойкай каля кавярні. Сам ён называў справу сфабрыкаванай. Тады яму прысудзілі 3 гады калёніі. Падчас адбывання пакараньня на яго завялі новую справу — за непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі ўстановы.