Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэтая мова не падтрымліваецца». Чаму Google блякуе рэкляму беларускамоўных відэа


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Беларускамоўныя ролікі на Youtube не праходзяць мадэрацыі ў рэклямных сэрвісах тэхналягічнага гіганта Google, які валодае гэтай самай папулярнай у сьвеце відэаплятформай. Свабода разабралася, чаму гэта адбываецца.

Амаль 100% відэа беларускай службы Радыё Свабода на беларускай мове не праходзіць мадэрацыю ў рэклямных сэрвісах Google зь першага разу. З другога разу мадэрацыю можа прайсьці 10%, іншыя ролікі даводзіцца слаць на мадэрацыю зноў і зноў. Некаторыя відэа не праходзяць мадэрацыю нават зь дзясятага разу.

Як даведаўся карэспандэнт Свабоды, такая ж праблема ўзьнікала ў іншых СМІ, якія спрабавалі прасоўваць свае ролікі на беларускай мове на плятформе Youtube з дапамогай платнай рэклямы.

Пры гэтым беларуская мова падтрымліваецца ў іншых бясплатных сэрвісах Google (пошук, перакладчык). Нават Youtube мае інтэрфэйс на беларускай мове.

У службе падтрымкі Google Свабодзе адказалі, што сэрвісы Google Ads (рэклямная плятформа Google) проста «не падтрымліваюць беларускую мову».

«Проста выберыце іншую мову»

«На жаль, беларуская мова не падтрымліваецца нашай сыстэмай. Вы можаце выкарыстоўваць іншую мову, якая падтрымліваецца Google Ads, і без праблем рэклямаваць вашы відэаролікі. Апісаньне і сам ролік павінны быць на даступнай мове. Бо іх правяраюць нашы інжынэры, якія павінны разумець і зьмест роліка, і яго апісаньне», — адказалі спэцыялісты Google-рэклямы.

Як патлумачылі ў службе тэхнічнай падтрымкі, цяпер Google Ads падтрымлівае 45 моваў. Апроч ангельскай, францускай, нямецкай ды іншых моваў, падтрымліваюцца дацкая, іўрыт, два варыянты кітайскай мовы (спрошчаны і традыцыйны), тамільская, малайская, урду, хіндзі, пэрсыдзкая мова. Таксама падтрымліваецца ўкраінская. На думку экспэртаў, магчыма, супрацоўнікі-ўкраінцы прапускаюць беларускія відэа праз мадэрацыю.

Сярод моў, якія Google Ads падтрымлівае, няма ў тым ліку:

  • грузінскай;
  • казаскай;
  • таджыцкай;
  • узбэцкай;
  • кіргіскай;
  • туркмэнскай.

«Мы працуем над гэтым»

У цэнтральнай прэс-службе Google Свабодзе адказалі толькі, што беларуская мова на сёньня не падтрымліваецца, але над гэтым пытаньнем працуюць.

«Наша канчатковая мэта — падтрымліваць як мага больш моў для ўсіх нашых прадуктаў. На жаль, у нас цяпер няма лякалізацыі гэтага прадукту ў Беларусі, але мы працуем над гэтым», — адказалі ў прэс-службе.

Чаму некаторыя відэа ўсё ж праходзяць мадэрацыю для рэклямы і калі сытуацыя зьменіцца, у прэс-службе не адказалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG