Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Дзярждуму Расеі запрасілі прадстаўніка Google, каб патлумачыць, чый Крым


Сьпікер расейскага парлямэнту Вячаслаў Валодзін 24 студзеня даручыў запрасіць у Дзярждуму прадстаўніка кампаніі Google і «данесьці» да яго пазыцыю Расеі аб недапушчальнасьці абазначэньня расейскага Крыму як тэрыторыі Ўкраіны.

«Было б правільна камітэту Дзярждумы ў справе бясьпекі запрасіць прадстаўніка кампаніі Google і выказаць нашу пазыцыю, а потым прымаць рашэньне, — заявіў Валодзін. — У нас з вамі магчымасьці ёсьць, давайце іх выкарыстоўваць. А то потым яны яшчэ штосьці ў нас адрэжуць і прыпішуць іншай краіне».

На яго думку, падаваньне Крыму на мапах як ўкраінскай тэрыторыі зьяўляецца «яркім прыкладам парушэньня кампаніяй Google расейскага заканадаўства».

«Калі кампанія Google паказвае на сваёй карце Крым як тэрыторыю іншай краіны, а сёньня гэта тэрыторыя Расеі, — гэта парушэньне нашай Канстытуцыі, — заявіў сьпікер Дзярждумы. — Нам трэба разумець, што мы павінны рабіць усё для таго, каб
сувэрэнітэт краіны быў абаронены ад умяшаньняў ў нашы ўнутраныя справы праз сусьветнуюае „павуціньне“ інтэрнэту».

У сакавіку 2014 году Расея анэксавала ўкраінскі паўвостраў Крым у выніку так званага «рэфэрэндуму», які быў праведзены пры ўдзеле расейскіх вайскоўцаў, што высадзіліся на паўвостраў.

Міжнародныя арганізацыі прызналі анэксію Крыму незаконнай і асудзілі дзеяньні Расеі, краіны Захаду ўвялі супраць Расеі эканамічныя санкцыі. Аднак Крэмль адмаўляе гвалтоўную анэксію паўвострава і называе гэта «аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці».

Абазначэньне Крыму як тэрыторыі Расеі ўжо было прычынай некалькіх скандалаў.

  • У 2014 годзе, праз некалькі месяцаў пасьля анэксіі, Міжнародная фэдэрацыя футболу выпусьціла афіцыйны відэаролік, у якім Крым быў намаляваны як частка Расеі. Пазьней FIFA выбачылася перад Украінай.
  • У 2015 годзе канадзкі сэрвіс знаёмстваў Ashley Madison, дзе людзі шукаюць сабе сэксуальных партнэраў, таксама аддзяліў Крым ад Украіны: пры рэгістрацыі карыстальнік запаўняе інфармацыю пра сябе і можа выбраць месца жыхарства: Украіна, Расея ці Крым у якасьці асобнай дзяржавы.
  • У 2016 годзе мапу Расеі, дзе быў паказаны анэксаваны Крым у якасьці расейскай тэрыторыі, апублікавала Coca-Cola. Пазьней кампанія афіцыйна папрасіў прабачэньня перад Украінай за гэты ўчынак. «Зьмены на мапу былі ўнесены агенцтвамі [якія не маюць дачыненьня да кампаніі], але мы бярэм на сябе поўную адказнасьць за вынік», — паведаміў вытворцы напояў.

У падручніках і мапах, выдадзеных у Расеі, Крым ужо некалькі гадоў пазначаецца як тэрыторыя Расеі. Аднак суседнія з Расеяй Беларусь і Польшча інакш абазначаюць прыналежнасьць анэксаванага паўвострава.

Пра гэта інфармуе праект Радыё Свабода «Настоящее время».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG