Права на распаўсюд сваіх тэлепраграм у Беларусі атрымалі тэлеканалы «UA», «KazakhTV», «Хабар 24». Адзін зь іх украінскі, два — казахстанскія. Пра гэта Міністэрства інфармацыі паведамляе ў сваім афіцыйным акаўнце ў твітэры.
Адпаведны загад падпісаны міністрам інфармацыі Беларусі Аляксандрам Карлюкевічам 24 студзеня.
- «UA» — украінскі тэлеканал замежнага вяшчаньня, мае эфіры на ўкраінскай, расейскай, крымскататарскай, ангельскай і арабскай мовах;
- Kazakh TV — першы нацыянальны спадарожнікавы тэлеканал Казахстану;
- «Хабар 24» — кругласуткавы лічбавы інфармацыйны тэлеканал у Казахстане.
Беларускія ўлады зьбіраліся ў 2014 годзе стварыць беларуска-ўкраінскі тэлеканал, але так і не зрабілі гэтага. Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім казаў, што ўсе тэхнічныя працы, неабходныя для адкрыцьця каналу, завяршыліся яшчэ ў сьнежні 2018 году.