Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржсакратар ЗША запатрабаваў ад Расеі «зьмяніць паводзіны»


Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо
Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо

Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо запатрабаваў, каб Расея «зьмяніла свае паводзіны» ва Ўкраіне і ў іншых рэгіёнах сьвету, але пры гэтым адзначыў, што ЗША і Расея «не асуджаныя на тое, каб быць антаганістамі», паведамляе «Голас Амэрыкі».

Зьвяртаючыся да ўдзельнікаў Сусьветнага эканамічнага форуму ў Давосе з дапамогай відэасувязі, бо амэрыкаснкая дэлегацыя ў Давос не паехала з-за «шатдаўна», Майк Пампэо ахарактарызаваў амэрыкана-расейскія адносіны як «проціборства».

«Мы спадзяемся, што Расея пачне зьмяняць свае паводзіны — ці ідзе гаворка пра паводзіны ва Ўкраіне, ці пра яе намаганьні рабіць уплыв на выбары тут, у ЗША, ці спробе паўплываць на выбары ва ўсім сьвеце», — заявіў Пампэо.

Паводле дзяржсакратара, дзеяньні Расеі нельга аднесьці да «паводзінаў тых краінаў, якія хочуць быць часткай міжнароднай супольнасьці». Але ў ЗША спадзяюцца, што Расея «стане на курс, які павядзе яе па шляху вяршэнства закона, парадку і свабоды».

Пампэо не пагадзіўся з тым, што ЗША і Расея павінны быць сталымі супернікамі. «Мы можам быць вышэй гэтага», — дадаў ён.

ЗША і Расея зьяўляюцца двума найбуйнейшымі ўладальнікамі ядзернага патэнцыялу ў сьвеце, адзначыў кіраўнік амэрыканскай дыпляматыі, і павінны весьці дыялёг па ядзернай праблематыцы, каб прадухіліць як распаўсюд ядзернай зброі, так і небясьпеку, зьвязаную з уладаньнем ядзернымі ўзбраеньнямі.

Пампэо таксама адзначыў, што цяпер ЗША «аднаўляюць балянс у адносінах з Кітаем», а таксама краінамі-партнэрамі ў Азіі і ва ўсім сьвеце, і выказаў упэўненасьць у тым, што прынцыпы дэмакратыі «стануць рухаючай сілай у адносінах паміж ЗША і Кітаем у бліжэйшыя гады».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG