У польскім Гданьску беларус трапіў у лякарню з нажавымі раненьнямі. Праз падазрэньне ў замаху на забойства затрымалі трох чалавек, паведамляе выданьне Radio Gdansk.
Беларус атрымаў тры нажавыя раненьні, у прыватнасьці жывата, яму зрабілі апэрацыю. Падрабязнасьці пра стан ягонага здароўя не вядомыя.
Як паведамілі ў паліцыі Гданьску, затрымалі дзьвюх жанчын і аднаго мужчыну, усе грамадзяне Ўкраіны. Заведзеная крымінальная справа па факце замаху на забойства.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, пацярпелы прыйшоў у госьці да знаёмага ў адзін з гостэляў у раёне Ліпцэ. Верагодна, паміж імі адбылася сварка. Пасьля нападу паранены сам выйшаў з пакою і паклікаў на дапамогу.
Для допыту асноўнага падазраванага паліцыі давялося ўзяць паўзу, бо пры затрыманьні ён быў п’яны.