Нагацінскі суд Масквы падоўжыў затрыманьне Анастасіі Вашукевіч (Насьці Рыбкі) яшчэ на 72 гадзіны. Разгляд пытаньня аб яе арышце працягнецца 22 студзеня. Грамадзянцы Беларусі інкрымінуюць уцягваньне ў прастытуцыю.
Раней сьледзтва папрасіла суд арыштаваць Анастасію Вашукевіч і яе сябра, таксама грамадзяніна Беларусі, Аляксандра Кірылава (Алекса Лэсьлі).
У судзе яна папрасіла прабачэньня ў мільярдэра Алега Дзерыпаскі і намесьніка кіраўніка ўрада Расеі Сяргея Прыходзькі. Яна заявіла, што ёй скарысталіся і назвала сябе прыладай.
— Мне вельмі шкада, што так атрымалася. Мне шчыра вельмі шкада, што так усё адбылося. Ніякіх аўдыёзапісаў больш ня будзе. Я больш ня буду кампрамэтаваць яго. Я заклікаю яго расслабіцца. Мне хапае. У адзін час крымінальныя справы былі сфабрыкаваныя ў Тайляндзе, Беларусі, Расеі і Эўропе.
Вашукевіч пацьвердзіла, што заяву на яе за ўцягваньне ў прастытуцыю напісала былая сяброўка Саша Траўка.
Чаму мы пішам пра Насьцю Рыбку?
Насьця Рыбка стала вядомая пасьля расьсьледаваньня расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага пра магчымыя карупцыйныя сувязі мільярдэра Алега Дзерыпаскі і намесьніка кіраўніка ўраду Расеі Сяргея Прыходзькі.
Улетку 2016 году алігарх і чыноўнік, плаваючы разам на яхце, нібыта абмяркоўвалі ўмяшаньне ў амэрыканскія выбары. На гэтай яхце ў ліку іншых дзяўчат з эскорт-агенцтваў была і Насьця Рыбка. Пазьней пра тое, што адбывалася на яхце Дзерыпаскі, яна расказала ў сваёй кнізе і ў сацыяльных сетках.
Анастасія Вашукевіч, Аляксандар Кірылаў і яшчэ 7 чалавек былі затрыманыя ў Патаі ў канцы лютага 2018 году. Паводле ўладаў, яны арганізоўвалі «сэкс-трэнінгі», ня маючы дазволу працаваць у Тайляндзе. Большасьць удзельнікаў сэмінараў былі мужчыны.
Аляксандар Кірылаў заяўляе, што супраць яго і Анастасіі Вашукевіч была праведзеная сакрэтная апэрацыя. Паліцыя распавяла The New York Times, што «замежны шпіён» быў у канфэрэнц-залі падчас трэнінгу і што шпіён кантактаваў з афіцэрамі, якія чакалі пачатку апэрацыі па затрыманьні ўдзельнікаў «трэнінгу».
Ганароваму консулу Беларусі ў Тайляндзе Рыбка заявіла, што ня хоча вяртацца ў Беларусь, сказаў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз.