Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пры наезьдзе легкавіка на натоўп у Полацку траўмавалася жанчына. Міліцыя кажа, што пацярпелых няма


Кадар з камэры відэаназіраньня, апублікаваны УУС Віцебскага аблвыканкаму
Кадар з камэры відэаназіраньня, апублікаваны УУС Віцебскага аблвыканкаму

15 студзеня каля 16.30 аўтамабіль Citroёn на вялікай хуткасьці ўехаў у натоўп людзей на аўтобусным прыпынку каля ААТ «Полацак-Шкловалакно». Паводле інфармацыі міліцыі, пацярпелых няма. Аднак відавочцы аварыі казалі пра шпіталізаваную жанчыну. Свабода спраўдзіла, хто ж меў рацыю.

«Я стаяў на прыпынку, бачу — на мяне машына ляціць. Я адхінуўся, але кіроўца зачапіў людзей. Людзі пачалі тэлефанаваць у ДАІ, каб па нумарах прабіць парушальніка», — сказаў Свабодзе відавочца здарэньня.

Ці былі пацярпелыя?

У афіцыйным паведамленьні УУС Віцебскага аблвыканкаму сьцьвярджаецца, што ў здарэньні ніхто не пацярпеў.

«Кажуць, што там нейкая жанчына.... У нас афіцыйная інфармацыя, што траўмаваных не было. Калі яна нейкі запіс мае, хай зьвяртаецца, будзем глядзець», — сказалі Свабодзе ў прэс-службе УУС Віцебскага аблвыканкаму.

Відавочцы кажуць, што пры наезьдзе легкавіка шасьцёра чалавек упалі. Адной жанчыне выклікалі хуткую дапамогу. Са шпіталя яе выпісалі ў той самы дзень, прычым ад бальнічнага яна адмовілася. На наступны дзень зьвярнулася па бальнічны ліст у паліклініку прадпрыемства. Цяпер яна дома.

Інфармацыю, што жанчына атрымала ўшыбы і цяпер «знаходзіцца на лісьце непрацаздольнасьці», Свабодзе пацьвердзіў намесьнік генэральнага дырэктара ААТ «Полацак-Шкловалакно» Андрэй Кузьмін.

Што вядома пра кіроўцу, празь якога здарылася ДТЗ?

Паводле афіцыйнай інфармацыі, кіроўца Citroёn — 31-гадовы жыхар Полацку. Раней ён ужо быў пазбаўлены правоў за кіраваньне транспартным сродкам у нецьвярозым стане.

Гэта муж адной з работніц ААТ «Полацак — Шкловалакно», але сам там не працуе. Яго затрымалі па месцы жыхарства ў стане алькагольнага ап’яненьня. Машыну знайшлі за кілямэтар ад ягонага дому.

«Мы ня можам сьцьвярджаць, што ён быў за стырном у стане алькагольнага ап’яненьня», — удакладнілі Свабодзе ў прэс-службе абласной міліцыі.

Тым часам прэс-афіцэр УУС Віцебскага аблвыканкаму Віталь Сапроненка сказаў Свабодзе, што супрацоўнікі ДАІ налічылі ў інцыдэнце 7 парушэньняў і склалі 7 пратаколаў толькі за адзін гэты наезд.

Цяпер па факце здарэньня праводзяць праверку, па законе яна можа заняць да двух месяцаў.

Чаму пасадка ў аўтобус адбывалася на праезнай частцы?

Кіроўца аўтобуса не заехаў у «кішэню» на прыпынку, бо там стаялі людзі — на самім прыпынку вельмі мала месца, бо ходнікі і ўзбочыны не былі пачышчаныя ад сьнегу, кажуць відавочцы здарэньня.

Атрымаць камэнтар аддзелу бясьпекі руху і аховы працы аўтобуснага парку № 2 не ўдалося.

У жыльлёва-камунальнай гаспадарцы Полацку Свабодзе сказалі, што дарога ля аўтобуснага прыпынку, дзе адбылося здарэньне, знаходзіцца на тэрыторыі заводу.

«Гэта заводзкі прыпынак, мы там не ажыцьцяўляем ні прыборку, ні расчыстку», — сказалі ў ЖКГ Полацку.

Паводле відавочцаў, прыпынак прыбірае цэх № 22. Пасьля апошніх сьнегападаў усё ачысьціць як мае быць не пасьпелі.

«Гэта бязглузьдзіца, якая не адпавядае рэчаіснасьці. Усе дарогі расчышчаны. Калі б было неяк інакш, гэта б напэўна пазначылі ў пратаколе ДАІ», — сказаў пра сумёты сьнегу, бачныя на відэа, намесьнік гендырэктара «Полацак-Шкловалакна» Андрэй Кузьмін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG