50 гадоў таму ў Празе, пратэстуючы супроць уводу ў Чэхаславаччыну войскаў краін Варшаўскай дамовы, падпаліў сябе студэнт Карлавага ўнівэрсытэту Ян Палах. 19 студзеня 1968 году ён памёр у шпіталі.
У Беларусі таксама былі выпадкі, калі людзі ішлі на такую крайнюю форму пратэсту. Свабода знайшла 10 выпадкаў самападпальваньня ў Беларусі за апошнія 10 гадоў. Матывы былі розныя.
1. Прычына засталася невядомай
У ліпені 2010 году была зарэгістраваная спроба самаспаленьня ў Менску. Паводле старшага памочніка пракурора гораду Сяргея Балашова, 24 ліпеня прыкладна а 22-й гадзіне 60-гадовы жыхар Менску ў сквэры на вуліцы Вясёлкавай абліў сябе бэнзінам і падпаліў. З апёкамі 70% цела ён быў дастаўлены ў шпіталь хуткай мэдычнай дапамогі.
Пракуратурай была праведзеная праверка прычын і акалічнасьцяў здарэньня, але больш ніякіх зьвестак пра інцыдэнт і далейшы лёс не было.
2. Пакрыўдзіўся, што лаюць за ўжываньне алькаголю
У красавіку 2012 году ў Слоніме мужчына ў двары дома паспрабаваў учыніць самаспаленьне: абліў сябе гаручай вадкасьцю і падпаліў. Загарэўся і аўтамабіль Audi A4, які стаяў у двары.
У міліцыі Гарадзенскай вобласьці паведамілі, што слонімец быў п’яны і пасварыўся з сужыцелькай, паабяцаў спаліць сябе і яе аўтамабіль. Праз пару хвілін жанчына ўбачыла, што зь яе машыны ідзе дым. Мужчына абліў сябе і салён аўта растваральнікам і шоргнуў запалкай. Калі на месца прыбылі ратавальнікі, агонь ужо разышоўся. Суседзі прадухілілі спробу суіцыду, але аўтамабіль згарэў цалкам.
Пацярпелы з апёкамі 70% цела (2-3 ступені) быў дастаўлены ў рэанімацыйнае аддзяленьне цэнтральнай раённай бальніцы. Зьвестак пра яго далейшы лёс знайсьці не ўдалося.
3. Падпаліў сябе і кватэру, маючы праблемы з псыхічным здароўем
10 жніўня 2013 году жыхар дома па вуліцы Валадарскага ў Астраўцы абліў сябе бэнзінам і падпаліў. Самападпал адбыўся ў кватэры, дзе пражываў пацярпелы. Паводле прэсавай службы Горадзенскай абласной управы МНС, мужчына хацеў скончыць жыцьцё самагубствам.
Ратавальнікаў выклікалі жыхары пяціпавярховіка, калі ўбачылі, што з кватэры, дзе жыў пацярпелы, пайшоў дым. Пазьней высьветлілася, што 33-гадовы мужчына ня раз выказваў думкі пра самагубства. Гэтым разам ён абліў сябе бэнзінам і падпаліўся, але неўзабаве агонь патушыў брат.
З апёкамі 40% цела малады мужчына быў зьмешчаны ў рэанімацыю.
4. Пратэставаў супроць парушэньня правоў інвалідаў
25 сьнежня 2015 году ў Менску падчас шэсьця Дзядоў Марозаў і Сьнягурак навучэнец мастацкай студыі Fortinbras пры Свабодным тэатры Міхаіл Каўко падпаліў сабе рукі, на якія былі надзетыя адмысловыя пальчаткі з гаручым рэчывам. На ягонай вопратцы былі замацаваныя плякаты з надпісамі «Таварыства глухіх: Мы будзем гарэць — ім будзе пляваць», «У Беларусі людзі з парушэньнем слыху ня могуць выклікаць службы экстранай дапамогі».
Пасьля затрыманьня міліцыяй актывіст заявіў, што гэтак спрабаваў прыцягнуць увагу грамадзтва да парушэньня правоў інвалідаў у Беларусі. Падчас акцыі актывіст не пацярпеў. Яго не затрымалі, але пазьней склалі на яго адміністрацыйны пратакол за правядзеньне несанкцыянаванай вулічнай акцыі.
5. Суіцыд з прычыны абмежаваньня ў сустрэчах зь дзіцем
28 красавіка 2016 году ў цэнтры Менску, на Кастрычніцкай плошчы падпаліў сябе 56-гадовы мужчына. Міліцыянты, якія дзяжураць на плошчы, зьбілі агонь з пацярпелага і выклікалі хуткую дапамогу, але ўратаваць яго не ўдалося. Пазьней стала вядома, што мужчына пакінуў запіску, у якой патлумачыў, чаму пайшоў на самападпальваньне.
Пасьля разводу з жонкай яму абмежавалі сустрэчы зь дзіцем. Суд вызначыў пэрыядычнасьць гэтых сустрэч, але іх колькасьцю бацька быў не задаволены. Мужчына спрабаваў абскардзіць рашэньне ў Вярхоўным судзе, але марна. Зьвяртаўся ў Адміністрацыю прэзыдэнта, але і гэта не дало выніку.
Пацярпелы памёр у бальніцы 22 траўня.
6. Пратэст супраць бязьдзеяньня міліцыі і судовай сыстэмы
30 лістапада 2016 году жыхар Магілёва Ўладзімер Пашчанка прыехаў на аўтамабілі ў Менск, захапіўшы з сабой плякат і ёмістасьць з бэнзінам. У Менску Пашчанка пайшоў да амбасады Польшчы. На плякаце, які ён трымаў, было напісана: «Патрабую справядлівага суду».
Журналістам Пашчанка заявіў, што падпаліць сябе на знак пратэсту супраць бязьдзеяньня міліцыянтаў і судзьдзяў з Магілёва. Паводле Пашчанкі, чалавек, які нанёс яму траўмы, застаўся непакараным. Таксама жыхар Магілёва сказаў, што калі не даможацца справядлівасьці ў Менску, то паедзе ў Маскву і падпаліць сябе там, каля амбасады Рэспублікі Беларусь.
Да падпалу не дайшло. Неўзабаве да Ўладзімера Пашчанкі падышлі міліцыянты ў цывільным і паабяцалі яму, што пра ягоную гісторыю стане вядома кіраўніцтву магілёўскай міліцыі. Потым на Ўладзімера Пашчанку склалі пратакол за несанкцыянаваны пікет і ён сеў у аўтамабіль, на якім прыехаў у Менск, каб ехаць дамоў.
Перад ад’ездам Пашчанка сказаў, што выбраў месцам правядзеньня пікету амбасаду Польшчы, бо лічыць, што «Польшча найбольш варожа ставіцца да Лукашэнкі».
7. Пэнсіянэрка пратэставала супраць нізкай пэнсіі
9 чэрвеня 2017 году 55-гадовая работніца гомельскага прадпрыемства «Камінтэрн» абліла сябе гаручай вадкасьцю, якую падпаліла запальнічкай.
«У мяне скралі 18 гадоў стажу», — крычала самападпальніца. Агонь з жанчыны ўдалося зьбіць, яе адвезьлі ў шпіталь, але там выратаваць яе жыцьцё не ўдалося, бо ў пацярпелай быў моцны апёк 50% цела. Праз 10 дзён жанчына памерла.
На прадпрыемстве паведамілі, што работніца характарызавалася станоўча, матэрыяльных праблемаў нібыта ня мела, але прызналі, што ў яе былі цяжкасьці з афармленьнем пэнсіі — не магла сабраць усе неабходныя дакумэнты для пацьвярджэньня працоўнага стажу. Жанчына праходзіла амбуляторнае лячэньне ў псыхіятрычным шпіталі.
8. Імітаваў самападпал дзеля папулярнасьці
17 ліпеня 2017 году ў Гомлі падпаліў сябе і скокнуў у фантан 17-гадовы хлопец. Міліцыянты паведамілі, што ён быў блогерам-пачаткоўцам і дзейнічаў у мэтах самарэклямы. Нібыта сам сказаў, што хацеў праз імітацыю самаспаленьня прыцягнуць увагу да свайго YouTube-каналу.
Афіцыйны прадстаўнік УУС Гомельскай вобласьці Віталь Прыстромаў паведамляў, што па факце была праведзеная праверка. Малады чалавек выдаліў ролік са сваіх акаўнтаў.
9. Пратэст супроць высокіх адсоткаў па крэдыце
У Жлобіне мужчына ня мог выплаціць крэдыт і падпаліў сябе. Трагедыя адбылася 27 верасьня 2017 году. Пра яе напісала раённая газэта «Новы дзень». Згодна з газэтай, сям’я ўзяла крэдыт, каб дапамагчы дзецям пабудаваць кватэру. Пасьля аказалася, што вяртаць грошы цяжка, штомесяц трэба было плаціць больш, чым яны зараблялі. Сума з адсоткамі перавысіла 12 тысяч рублёў.
Мужчына быў у стане алькагольнага ап’яненьня, калі вырашыў зьвесьці рахункі з жыцьцём. Ён абліў сябе бэнзінам і падпаліў. У яго былі апёкі 80% плошчы цела. Празь некалькі дзён мужчына сканаў у лякарні.
10. Крыўда на сваякоў за спадчыну
27 сакавіка 2018 году ў вёсцы Калініна Бабруйскага раёну мясцовы жыхар 62 гадоў падчас застольля пасварыўся са сваякамі наконт спадчыны. Паводле сьведак, ён так раззлаваўся, што абліў сябе бэнзінам і пачаў пагражаць самаспаленьнем.
Сваякі выклікалі міліцыю, але, калі тая прыехала, мужчына сапраўды паднёс да вопраткі запальнічку. Агонь удалося хутка патушыць, чалавек атрымаў толькі нязначныя апёкі рук, твару і шыі.