Суд аштрафаваў двух грамадзян Беларусі за спробу даць хабар мытнікам у Смаленскай вобласьці. Аб гэтым паведамляецца на сайце ўпраўленьня Сьледчага камітэту РФ па рэгіёне.
Сабраныя сьледчымі органамі Сьледчага камітэту Расейскай Фэдэрацыі па Смаленскай вобласьці доказы прызнаныя судом дастатковымі для вынясеньня прысуду ў дачыненьні да генэральнага дырэктара таварыства з абмежаванай адказнасьцю і яго 45-гадовага знаёмага.
У залежнасьці ад ролі кожнага яны прызнаныя вінаватымі ў замаху на пасярэдніцтва ў хабарніцтве ў асабліва буйным памеры і замаху на дачу хабару службовай асобе праз пасярэдніка ў асабліва буйным памеры.
Сьледзтвам і судом устаноўлена, што ў лістападзе 2016 году падсудныя, каб паскорыць працэдуру мытнага афармленьня ўвозу грузаў, у гардэробе супрацоўнікаў Смаленскай мытні пакінулі грошы больш як у 90 пэрсанальных кабінках дзяржслужбоўцаў.
Мужчыны былі затрыманыя супрацоўнікамі рэгіянальных упраўленьняў СК і ФСБ Расеі, калі адзін з абвінавачаных завяршаў раскладваць канвэрты з грашыма ў кабінкі супрацоўнікаў Смаленскай мытні. Агульная сума хабару склала каля 3 мільёнаў расейскіх рублёў.
За час сьледзтва было дапытана больш за 200 сьведкаў. Аб’ём крымінальнай справы з абвінаваўчым заключэньнем склаў 43 тамы.
Генэральнаму дырэктару ТАА прысуджаны штраф у 3 мільёны расейскіх рублёў, другому абвінавачанаму — 2 мільёны рублёў. Два гады падсудныя знаходзіліся пад вартай, з улікам гэтага пакараньне зьніжанае і канчаткова прызначаныя штрафы ў памеры 2 і 1 мільён рублёў адпаведна.