Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вязень Беламорканалу. Як НКВД рэпрэсаваў айца Ігната Брыля, брата пісьменьніка. У дакумэнтах


Фрагмэнт нарысу «Мой радавод» Янкі Брыля. Справа на фота — Ігнат Брыль (зьлева — Уладзімер Брыль)
Фрагмэнт нарысу «Мой радавод» Янкі Брыля. Справа на фота — Ігнат Брыль (зьлева — Уладзімер Брыль)

Сьвятар Ігнат Брыль, брат беларускага пісьменьніка Янкі Брыля, двойчы ва Ўкраіне ў часы СССР прыцягваўся да крымінальнай адказнасьці.

У адрозьненьне ад яшчэ аднаго брата, Уладзімера, расстралянага як шпіёна, Ігнату Брылю ўдалося пазьбегнуць найвышэйшай меры пакараньня.

Справа супраць Ігната Брыля і яшчэ двух сьвятароў за антысавецкую дзейнасьць
Справа супраць Ігната Брыля і яшчэ двух сьвятароў за антысавецкую дзейнасьць

Праваслаўны сьвятар Брыль

Ігнат Брыль быў праваслаўным сьвятаром і не прымаў дзеяньняў савецкай улады ў зьнішчэньні рэлігіі і «адзяржаўленьні» царквы. Ідэя аб’яднаўчага працэсу заходняга і ўсходняга праваслаўя, якой ён быў апантаны, каштавала яму спачатку трох гадоў работ у лягеры НКВД «Белморстрой», а потым высылкі.

Ператрус у будынку Ігната Брыля праводзіў супрацоўнік НКВД Сянкевіч. 7 лютага 1935 году
Ператрус у будынку Ігната Брыля праводзіў супрацоўнік НКВД Сянкевіч. 7 лютага 1935 году

Празь перасьлед Ігнат Брыль быў вымушаны фармальна «разарваць» адносіны з жонкай Верай і адзіным сынам Аляксандрам. Ім давялося адмовіцца і ад прозьвішча «Брыль», бо сына пасьля двух арыштаў бацькі не прымалі ў школу, і Вера разам зь ім вярнулася да свайго дзявочага прозьвішча Лейка, на якім яны заставаліся да апошніх гадоў свайго жыцьця.

Пратакол першага допыту Ігната Брыля, 5 лютага 1935 году
Пратакол першага допыту Ігната Брыля, 5 лютага 1935 году

Рэабілітаваны незалежнай Украінай

Справа Ігната Брыля цяпер захоўваецца ў архівах СБУ ў Мікалаеўскай вобласьці — па месцы двух ягоных арыштаў. Брат беларускага пісьменьніка памёр у 1960 годзе, а ў кастрычніку 1998-га пракуратура Мікалаеўскай вобласьці яго рэабілітавала, прызнаўшы перасьлед неабгрунтаваным і палітычным. Праўда, невядома, ці атрымалі адпаведнае паведамленьне ягоныя сваякі — у картцы рэабілітацыі Ігната Брыля адзначаецца: «Зьвестак аб месцы жыхарства рэпрэсаванага ці ягоных сваякоў няма». Вядома, што на момант рэабілітацыі ў жывых ужо не было і сына Ігната — Аляксандра Лейкі: ён памёр у 1995 годзе.

Рашэньне аб рэабілітацыі Ігната Брыля, 30 кастрычніка 1998 году
Рашэньне аб рэабілітацыі Ігната Брыля, 30 кастрычніка 1998 году

У свой час Янка Брыль дзякуючы і сваёй пісьменьніцкай вядомасьці, і аслабленьню савецкай сыстэмы ў канцы 1980-х атрымаў магчымасьць хаця б часткова азнаёміцца са справай брата Ўладзімера, расстралянага ў Быкаўні пад Кіевам. Справа ж другога брата, Ігната, рассакрэчаная толькі цяпер — пасьля таго, як у выніку Рэвалюцыі годнасьці і зьмены ўлады ва Ўкраіне ў 2014 годзе парлямэнт ухваліў пакет антыкамуністычных законаў і архівы КДБ былі адкрытыя для грамадзкасьці.

За што савецкая ўлада перасьледавала Ігната Брыля

Як вынікае з матэрыялаў справы, Ігнат Брыль быў прыхільнікам «Ісьцінна-праваслаўнай царквы», якую спрабавалі ўтварыць пасьлядоўнікі япіскапа Ціхана, выбранага патрыярхам Масквы і ўсяе Русі ў лістападзе 1917 году (ён рэзка асуджаў бальшавізм і забойства царскай сям’і, востра пратэставаў супраць гвалту новых уладаў у дачыненьні да царквы).

Пастанова аб адкрыцьці справы за стварэньне «ІПЦ»
Пастанова аб адкрыцьці справы за стварэньне «ІПЦ»

Раскол у праваслаўі, як і барацьба савецкіх уладаў зь ім, узмацніліся пасьля сьмерці патрыярха Ціхана, калі Расейскую праваслаўную царкву ў 1927 годзе па ўзгадненьні з НКВД узначаліў мітрапаліт Сергій. Ён адразу ж выдаў адмысловую дэклярацыю, у якой пагадзіўся на супрацу з савецкай уладай. Гэтыя дзеяньні Сергія былі названыя ягонымі апанэнтамі «грэхам сергіянства».

Шэраг сьвятароў, якія адмовіліся выконваць дэклярацыю мітрапаліта Сергія, былі арыштаваныя, іншыя эмігравалі і спрабавалі стварыць замежны цэнтар кіраваньня Праваслаўнаю царквой на савецкай тэрыторыі.

Пад рэпрэсіўную машыну трапіў і Ігнат Брыль. У 1931 годзе супраць яго адкрылі справу паводле найбольш распаўсюджаных «антысавецкіх» артыкулаў 54.10 і 54.11 — контрарэвалюцыйная дзейнасьць і здрада радзіме. У выніку ён быў асуджаны на тры гады пазбаўленьня волі, а пакараньне адбываў у лягеры «Белморстрой», у Карэліі, на будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага каналу.

Зь лягеру ён зноў вярнуўся ва Ўкраіну, у мястэчка Ўладзіміраўка Мікалаеўскай вобласьці, але ўжо менш чым праз паўгода, 8 лютага 1935-га, яго зноў арыштавалі і адкрылі новую справу паводле тых жа артыкулаў. Падчас ператрусу шукалі доказы ліставаньня з замежнымі сьвятарамі ды іншыя дакумэнты, што мусілі пацьвердзіць ягоную прыналежнасьць да «Ісьцінна-праваслаўнай царквы». І хоць іх не знайшлі, сьледчыя дзеяньні ўстанавілі, што «Брыль праводзіць працу ў насаджэньні арганізацый ультраправаслаўнай плыні, адначасова займаючыся антысавецкай агітацыяй».

Першыя высновы абвінавачаньня. Супрацоўнік НКВД Зіноўеў просіць выслаць сьвятароў за межы Ўкраіны на тры гады. 8 траўня 1935 году
Першыя высновы абвінавачаньня. Супрацоўнік НКВД Зіноўеў просіць выслаць сьвятароў за межы Ўкраіны на тры гады. 8 траўня 1935 году

Разам з Ігнатам Брылём арыштавалі яшчэ двух сьвятароў — расейца Пятра Курлова і ўкраінца Віктара Палякова. У траўні сьледчыя хадайнічалі аб іхным прымусовым высяленьні за межы Ўкраіны на тры гады, а ў чэрвені справу наагул закрылі, бо «сьледзтва не сабрала дастатковых дадзеных, каб абвінавачаных аддаць пад суд».

Пастанова Адэскага абласнога ўпраўленьня НКВД УССР аб закрыцьці справы
Пастанова Адэскага абласнога ўпраўленьня НКВД УССР аб закрыцьці справы

«Каб мы маглі жыць свабодна і не баяцца»

Ігнат Брыль да пачатку рэвалюцыі вучыўся ў прыватнай гімназіі ў Адэсе, а потым там жа ў сельскагаспадарчым інстытуце. У 1922 годзе ўступіў у сан і быў накіраваны ў адзін зь сельскіх прыходаў Адэскай вобласьці, дзе і служыў да першага арышту.

На допыце падчас другога арышту ён прызнаўся сьледчаму, што не разумее, за што яго ў 1931 годзе адправілі ў працоўны лягер у Карэлію: «Абвінавачвалі нібыта ў тым, што праводзіў нейкую антысавецкую агітацыю і арганізацыю. Што за арганізацыя, я ня меў паняцьця і да той справы ня быў датычны, пра што і заяўляў тады ў часе допыту».

Нават пад пагрозай новай адказнасьці ён пасьлядоўна настойваў, што вінаватым сябе ня лічыць.

За ўвесь час арышту — зь лютага па чэрвень 1935-га — Ігната Брыля дапытвалі мінімум пяць разоў, і штораз сьледчы цікавіўся ягонымі зносінамі са сьвятарамі-«раскольнікамі», а таксама думкамі наконт самога расколу.

Старонкі з пратаколаў допыту пра стаўленьне Ігната Брыля да расколу праваслаўя
Старонкі з пратаколаў допыту пра стаўленьне Ігната Брыля да расколу праваслаўя

Сьвятар-беларус ад адказаў не ўхіляўся і шчыра разважаў пра будучыню праваслаўя. Раскольнікам ён называў мітрапаліта Сергія, які «паставіў духавенства ў такое становішча, зь якога будзе цяжка выйсьці».

«У першую чаргу, па-мойму, трэба склікаць сабор, наладзіць нармальны стан царквы, гэта значыць мір, і аб’яднацца вакол адной царквы, што дасьць магчымасьць пазбавіцца ад усялякіх сварак, спыніць розныя інтрыгі і непаразуменьні, якія існуюць цяпер. Мусіць быць выбраны пераемнік патрыярха, і царква павінна быць адзіным цэлым, каб яе не разьдзіралі расколы і каб царква была царквою», — казаў на допытах Ігнат Брыль.

Ён ня ўтойваў, што лічыць меры савецкай улады ў дачыненьні царквы і служак культу жорсткімі: «Пажадана іх зьмякчыць, каб мы маглі жыць свабодна і не баяцца».

«Выратаваньне царквы, я лічу, у тым, каб усе вернікі былі б сапраўднымі праваслаўнымі... Не было б у нас тады ні рэвалюцый, ні контрарэвалюцый. Было б лепшае жыцьцё, было б адно сэрца і душа, што магчыма пры сапраўдным хрысьціянстве».

У адзінай праваслаўнай царкве Ігнат Брыль бачыў і баптыстаў:

«Колькасьць вернікаў тады б павялічылася, ліквідаваліся б усялякія расколы, дысцыпліна царквы тады палепшылася, было б аб’яднаньне вакол адной царквы з замежнымі цэрквамі. Па-мойму пры такіх умовах працоўная дысцыпліна на вытворчасьці і сялянаў ня падала б. Калі б селяніну далі магчымасьць адпачыць душой і целам у нядзельны дзень, ён лепш працаваў бы ўсе іншыя дні на сваёй вытворчасьці ці ў калгасе. Пры цяперашнім стане ў яго няма ўражаньня аб царкве, калі рэлігійны селянін ня можа наведаць храм, а заняты на вытворчасьці».

Асобна сьвятар крытыкаваў прымус грамадзян працаваць падчас рэлігійных сьвятаў, а таксама падатак, які спаганялі з рэлігійных прыходаў і сьвятароў.

Ці згадваў Янка Брыль пра свайго рэпрэсаванага брата-сьвятара

Мяркуючы па нарысе Янкі Брыля «Мой радавод», Ігнат, нягледзячы на закрыцьцё справы, пасьля вызваленьня з-пад другога арышту ўсё ж пакінуў Украіну. Па сваёй волі ці пад прымусам, невядома. Разам зь ім у Расею паехалі жонка і сын, хаця для анкет НКВД ён сьцьвярджаў, што не падтрымлівае зь імі кантактаў ад 1931 году, калі быў упершыню арыштаваны.

Анкета Ігната Брыля, у якой ён сярод сваякоў адзначыў толькі жонку ды сына
Анкета Ігната Брыля, у якой ён сярод сваякоў адзначыў толькі жонку ды сына

Янка Брыль прызнаваўся, што абодвух рэпрэсаваных братоў ён ледзь-ледзь памятаў. Ігнат быў старэйшы за Янку на 17 гадоў: ён застаўся ў Адэсе разам з братам Уладзімерам, калі іхныя бацькі зь меншымі дзецьмі вырашылі вярнуцца ў Беларусь. Абодва былі рэпрэсаваныя.

Янка Брыль пісаў, што Ігнат таксама меў літаратурныя здольнасьці і пісаў вершы для душы. А рэальна яны пабачыліся толькі ў 1946 годзе, калі старэйшы брат прыяжджаў у Беларусь з заўральскага Троіцку са сваім адзіным сынам Аляксандрам.

Дзякуючы нарысу «Мой радавод» можна аднавіць і іншыя дэталі далейшага жыцьця Ігната — ужо ў Расеі ён выкладаў на рабфаку, потым па стане здароўя выйшаў на пэнсію і зноў вярнуўся да сьвятарства ды завочна скончыў Ленінградзкую духоўную сэмінарыю. Памёр у 1960 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG