Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бралі ад 300 рублёў да 15 тысяч эўра. У Менску за хабар судзяць былога намесьніка міністра


Былы намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі ў залі суду. 11 студзеня 2019 году
Былы намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі ў залі суду. 11 студзеня 2019 году

Працэс над галоўным фігурантам «справы мэдыкаў» пачаўся ў Менскім гарадзкім судзе 11 студзеня.

Былы намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі — адзін з амаль сотні абвінавачваных у 95 крымінальных справах, што ўваходзяць у так званую «справу мэдыкаў». Затрыманьні мэдыцынскіх чыноўнікаў і кіраўнікоў фірмаў, зьвязаных з пастаўкамі мэдыкамэнтаў і мэдыцынскага абсталяваньня ў Беларусь, пачаліся ў чэрвені 2018 году. Ігар Ласіцкі на момант затрыманьня займаў пасаду намесьніка міністра.

Разам зь ім на лаве падсудных знаходзіцца былы галоўны ўрач 12-й стаматалягічнай паліклінікі Менску Ўладзімер Краўчонак. Абодвух абвінавачваюць у неаднаразовым атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры.

«Шчыры чалавек»

Ігар Ласіцкі знаходзіцца пад вартай у СІЗА КДБ з моманту затрыманьня, Уладзімер Краўчонак быў вызвалены пад хатні арышт пасьля таго, як пачаў актыўна супрацоўнічаць са сьледзтвам і кампэнсаваў нанесеную дзяржаве шкоду. Падчас папярэдняга паседжаньня Краўчонак паведаміў журналістам, што лічыць сябе «шчырым чалавекам».

Уладзімер Краўчонак
Уладзімер Краўчонак

У залі суду Уладзімер Краўчонак знаходзіцца бяз варты, ён самастойна прыяжджае на паседжаньні. Ігара Ласіцкага 11 студзеня прывезьлі на суд пад канвоем, у СІЗА КДБ былы намесьнік міністра ўтрымлвіваецца з моманту затрыманьня 29 чэрвеня.

Першы дзень працэсу пачаўся з агучваньня прад’яўленых былым мэдыцынскім функцыянэрам абвінавачаньняў. Пракурор Юры Шарсьнёў, вядомы па справе аб сьмерці Аляксандра Коржыча, пералічыў злачынныя эпізоды ў дзейнасьці Ласіцкага і Краўчонка.

Ад 300 рублёў да 15 тысяч эўра

Паводле дзяржаўнага абвінаваўцы, у абавязкі Ўладзімера Краўчонка на пасадзе галоўнага ўрача 12-й менскай клінічнай стаматалягічнай паліклінікі ўваходзіла вызначэньне характарыстык мэдыцынскай тэхнікі, якая куплялася, вызначэньне пераможцаў тэндараў, кантроль над своечасовай аплатай за пастаўленае абсталяваньне. Як паведаміў суду пракурор Шарсьнёў, Уладзімер Краўчонак злоўжываў паўнамоцтвамі і выкарыстоўваў іх для ўласнага ўзбагачэньня.

Пракурор Юры Шарсьнёў
Пракурор Юры Шарсьнёў

У прыватнасьці, у адзін зь дзён 2013 году (дакладную дату сьледзтва ня вызначыла. — РС), Уладзімер Краўчонак атрымаў ад кіраўніка прыватнай фірмы «Геол-М» Уладзімера Ладуцькі 10 тысяч даляраў у якасьці падзякі за спрыяньне ў правядзеньні пастаўкі абсталяваньня для кампутарнай тамаграфіі сківіцы. Дырэктар кампаніі «Геол-М» зьяўляецца фігурантам яшчэ як мінімум адной крымінальнай справы са «справы мэдыкаў». 10 студзеня ён выступаў сьведкам на працэсе Андрэя Стрыжака — былога кіраўніка ўпраўленьня аховы здароўя Горадзенскага аблвыканкаму.

Паводле дзяржаўнага абвінаваўцы, гэта не адзіны даказаны сьледзтвам эпізод злачыннай дзейнасьці Ўладзімера Краўчонка. Памер атрыманага ім хабару вагаўся ад 300 беларускіх рублёў да 15 тысяч эўра (эпізод з пастаўкай стаматалягічных крэслаў для 12-й паліклінікі). Усяго ў справе каля дзесяці эпізодаў з удзелам Краўчонка. Хабар абвінавачаны атрымліваў, як правіла, у офісах прыватных кампаній, якія займаліся пастаўкамі абсталяваньня для яго паліклінікі, альбо ў салёне ўласнага аўтамабіля.

Ігар Ласіцкі з адвакаткай
Ігар Ласіцкі з адвакаткай

Па словах пракурора Шарсьнёва, Уладзімер Краўчонак даваў зацікаўленым асобам інфармацыю пра памеры будучых закупак і тэхнічныя характарыстыкі патрэбнага абсталяваньня і тавараў мэдыцынскага прызначэньня, што аблягчала пэўным кампаніям удзел у тэндэрах. Узамен за гэта кіраўнікі прыватных кампаній перадавалі Краўчонку хабар.

Паводле матэрыялаў справы, у лютым 2018 году, за некалькі месяцаў да затрыманьня, Краўчонак атрымліваў хабар проста на сваім працоўным месцы (эпізод з атрыманьнем 400 рублёў за спрыяньне ў закупках абсталяваньня).

Віну ў названых пракурорам эпізодах Уладзімер Краўчонак прызнаў цалкам, нанесеную дзяржаве шкоду кампэнсаваў добраахвотна.

«За спрыяньне ў вырашэньні пытаньняў»

Згодна з матэрыяламі справы, злачынная дзейнасьць былога намесьніка міністра аховы здароўя Ігара Ласіцкага пачалася ў жніўні 2015 году, калі ён атрымаў ад кіраўніка адной з прыватных фірм хабар у памеры 1500 даляраў.

Ігар Ласіцкі
Ігар Ласіцкі

У 2016 годзе Ігар Ласіцкі, паводле дзяржаўнага абвінаваўцы Шарсьнёва, атрымліваў хабар на сваім працоўным месцы ў Міністэрстве аховы здароўя. У лютым 2016 году Ласіцкі атрымаў 10 тысяч даляраў, у тым жа годзе быў яшчэ адзін эпізод з атрыманьнем 10 тысяч эўра.

Ва ўсіх выпадках прычынай атрыманьня хабару ад прадстаўнікоў прыватных кампаній, па словах пракурора, стала «спрыяньне ў вырашэньні пытаньняў, якія знаходзіліся ў ягонай кампэтэнцыі». Паводле матэрыялаў справы, у міністэрстве Ігар Ласіцкі быў куратарам закупліваньня мэдыцынскай тэхнікі, а таксама ўваходзіў у склад камісій, якія вырашалі пытаньні аб рэгістрацыі замежнай тэхнікі ў Беларусі.

Ігар Ласіцкі сваю віну ў прад’яўленых злачынствах таксама прызнаў цалкам.

«Справа мэдыкаў». Што важна ведаць

Што здарылася. У чэрвені 2018 году стала вядома пра масавыя затрыманьні ў мэдыцынскай галіне. У дачыненьні да 37 службовых асобаў былі ужытыя розныя меры стрыманьня за злачынствы, прадугледжаныя трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу

  • 430 («Атрыманьне хабару»),
  • 431 («Даваньне хабару»)
  • 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў»)

Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 90 чалавек. Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле названых крымінальных артыкулаў.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

  • 11 чэрвеня 2018 году стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).​
  • 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў. Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.​
  • 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).​
  • 25 чэрвеня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
  • Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
  • 21 ліпеня быў звольнены затрыманы раней намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, паводле КДБ, браў хабар «ад 2500 да 10 тысяч даляраў».
  • 21 жніўня агучаны першы вырак у справе мэдыкаў-карупцыянэраў: былы намесьнік галоўнага лекара па тэхніцы Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аркадзь Патапаў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынствы.
  • 11 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па «справе мэдыкаў» распачатыя 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў», амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва.
  • 30 студзеня 2019 году стала вядома Камітэт дзяржаўнай бясьпекі вядзе папярэдняе сьледзтва па 4 крымінальных справах, у межах якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асобаў сыстэмы аховы здароўя і 63 асобы — уласьнікі (заснавальнікі), кіраўнікі і працаўнікі камэрцыйных структураў. У гэты час ужо ішоў шэраг судоў па карупцыйных справах у мэдыцыне.

«Ідзі і грабі». Былы высокапастаўлены чыноўнік Мінздароўя камэнтуе «справу мэдыкаў»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG