Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Па хабар езьдзіў у Менск». Пачаўся суд у справе кіраўніка ўпраўленьня аховы здароўя Горадзенскага аблвыканкаму


Андрэй Стрыжак
Андрэй Стрыжак

Андрэя Стрыжака абвінавачваюць у неаднаразовым атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры — ад 1 да 10 тысяч даляраў.

Адзін з больш як сотні затрыманых у «справе мэдыкаў»

Андрэй Стрыжак адзін з больш чым сотні чыноўнікаў і бізнэсоўцаў, затрыманых у так званай «справе мэдыкаў». Агулам яна налічвае каля 95 асобных крымінальных спраў, у асноўным яны датычаць абвінавачваньняў у атрыманьні хабару і перавышэньні службовых паўнамоцтваў. Затрыманьні ў «справе мэдыкаў» праводзілі супрацоўнікі КДБ, пачынаючы з чэрвеня 2018 году. Паводле старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка, усе абвінавачаныя прызналі сваю віну, частка зь іх кампэнсавалі нанесеную дзяржаве шкоду.

Кіраўнік упраўленьня аховы здароўя Горадзенскага аблвыканкаму Андрэй Стрыжак быў затрыманы ў Горадні, пад вартай утрымліваўся ў СІЗА КДБ у Менску. Раней да крымінальнай адказнасьці не прыцягваўся. Стрыжака затрымалі 19 чэрвеня 2018 году, кіраўнічыя пасады ва Ўпраўленьні аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкаму былы чыноўнік займаў зь лістапада 2010 году.

У чым вінавацяць чыноўніка

У першы дзень працэсу пракурор агучыў прад’яўленыя Стрыжаку абвінавачваньні. Па словах дзяржаўнага абвінаваўцы, Андрэй Стрыжак пачаў ажыцьцяўляць незаконную дзейнасьць у пэрыяд з лета 2012 па вясну 2013 году. У залі суда пракурор паведаміў, што Андрэй Стрыжак спрыяў прыватнай кампаніі ТАА «Тангенс» у выкананьні ўмоваў кантракта па пастаўцы апарата МРТ у Горадзенскі абласны клінічны шпіталь.

Гэта праявілася ў тым, што Стрыжак нібыта ажыцьцяўляў кантроль за ходам падрыхтоўкі памяшканьня для новага апарата і аддаваў загады рамантаваць яго за дзяржаўны кошт. Пры гэтым, паводле кантракту аб пастаўцы апарата МРТ, рыхтаваць памяшканьне для яго была павінна сама прыватная кампанія. За гэта, па словах пракурора, Стрыжак стрымаў ад дырэктара прыватнай кампаніі «Тангенс» Волкава 5 тысяч эўра.

Андрэй Стрыжак
Андрэй Стрыжак

«У пэрыяд з 2013 па 2014 год, дакладная дата сьледзтвам ня высьветленая, — паведаміў дзяржаўны абвінаваўца. — Перадача грашовых сродкаў адбывалася на тэрыторыі Менску».

Акрамя гэтага ў матэрыялах справы ёсьць яшчэ некалькі эпізодаў. Яны датычаць спрыяньня ў пастаўках мэдыцынскага абсталяваньня ў розныя мэдычныя ўстановы Горадні, а таксама забесьпячэньня своечасовай аплаты за ўжо пастаўленае абсталяваньне. Памеры атрыманага хабару дасягалі 10 тысяч даляраў. Абсталяваньне пастаўлялася ў розныя мэдычныя ўстановы Горадні і Горадзенскай вобласьці.

За хабарам езьдзіў у Менск асабіста

Хабар, па словах дзяржаўнага абвінаваўцы, былы чыноўнік езьдзіў атрымліваць у Менск. Пакупніком абсталяваньня выступала горадзенскае дзяржаўнае прадпрыемства «Мэдтэхніка». У абавязкі Андрэя Стрыжака ўваходзіла курыраваньне закупак абсталяваньня, кантроль над правядзеньнем аўкцыёнаў па закупках, вызначэньне пераможцаў аукцыёнаў, кантроль над правядзеньнем аплаты за пастаўленае абсталяваньне, а таксама аплаты за абслугоўваньне ўжо пастаўленага абсталяваньня.

«Стрыжак дасягаў дамоўленасьцяў аказаць спрыяньне ў своечасовай аплаце за пастаўленае прыватнымі фірмамі абсталяваньне», — расказаў пракурор на першым судовым паседжаньні.

Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, хабар былы чыноўнік прыяжджаў атрымліваць у сталіцу асабіста. Як правіла, гэта адбывалася праз неякі час пасьля ажыцьцяўленьня паставак. Перадача грошай адбывалася на тэрыторыі аўтамабільнай стаянкі ля гандлёвага цэнтра Эўропа на вуліцы Сурганава ў Менску.

Акрамя гэтага, па словах пракурора, у пэрыяд з 2015 па 2016 году (дакладную дату сьледзтва не высьветліла) Андрэй Стрыжак атрымаў хабар памерам 1000 даляраў за арганізацыю мэдычных дасьледаваньняў датычных гемаглябіну ў крыві чалавека ў інтарэсах прыватнай юрыдычнай асобы.

Сьведка расказаў, як плаціў Стрыжаку

Адзін са сьведкаў па справе, дырэктар кампаніі «Геол-М» Уладзімр Ладуцька, расказаў на працэсе, якім чынам перадаваў Стрыжаку хабар.

«Мы пазнаёміліся на выставе „Ахова здароўя Беларусі“ у футбольным манежы, — расказаў Ладуцька. — Пачалі кантактаваць. Андрэй Аляксандравіч разоў 5-6 прыязджаў у наш офіс, які тады знаходзіўся на вуліцы Альшэўскага ў Менску. Ён часта бываў у Менску і мы кантактавалі. Падчас гэтых сустрэч Стрыжак прадастаўляў нам інфармацыю пра тое, якое мэдычнае абсталяваньне будзе закупацца, па якім кошце. Гэта дапамагала нам удзельнічаць у тэндэрах. Я быў зацікаўлены ў атрыманьні такой інфармацыі...

Сам Стрыжак ніколі не прасіў перадаць яму грашовыя сродкі ўзамен за дапамогу. Але я разумеў, што мець у сябрах чыноўніка такога рангу дорага каштуе. Я сам вырашыў аддзячыць Андрэя Аляксандравіча за дапамогу. Мой кампаньён па бізнэсе ведаў, што гэта трэба зрабіць, але ня ведаў падрабязнасьцяў.

Прыкладна праз месяц пасьля завяршэньня пастаўкі я пазваніў Андрэю Стрыжаку на асабісты мабільны тэлефон, дамовіўся пра сустрэчу калі той будзе ў Менску. Стрыжак перазваніў праз некалькі дзён, мы дамовіліся сустрэцца на аўтамабільнай стаянцы ля гандлёвага цэнтра „Эўропа“ у Менску. На сустрэчу з сабой я ўзяў канвэрт з 10 тысячамі даляраў. Мы сустрэліся, па-сяброўску пагаварылі, я перадаў Стрыжаку канвэрт. Ён не адмаўляўся яе ўзяць.

Пасьля мы кантактавалі наконт новых закупак, пра атрыманыя грошы ён не ўзгадваў».

Па словах Ладуцькі, адной з прычын перадачы хабару таксама было спрыяньне Стрыжака ў своечасовай аплаце за пастаўленае абсталяваньне (кампанія Ладуцькі пастаўляла гастрафібраскопы). «Звычайна аплата за пастаўкі абсталяваньня мае складаную схему, працэс займае каля 180 дзён, — сказаў Ладуцька. — На гэты раз нам заплацілі на працягу 20 дзён, аплата прайшла вельмі хутка».

У абвінавачваньні каля 10 злачынных эпізодаў

Агулам у справе Андрэя Стрыжака каля 10 злачынных эпізодаў. Хабар былы чыноўнік працягваў атрымліваць да моманту затрыманьня ў чэрвені 2018 году. Апошні эпізод датычыць атрыманьня 3000 даляраў у сваім працоўным кабінэце ў Гродзенскім аблвыканкаме.

«Грашовыя сродкі прадастаўляліся Стрыжаку выключна дзякуючы яго службоваму становішчу, — паведаміў пракурор. — Іх мэтай было спрыяньне ў вырашэньні службовых пытаньняў».

Зьмест абвінавачваньня пракурор зачытваў на працягу гадзіны. Сам Андрэй Стрыжак адмовіўся выказаць сваё стаўленьне да прад’яўленых абвінавачваньняў.

Працэс працягнецца пасьля допыту сьведкаў.

«Справа мэдыкаў». Што важна ведаць

Што здарылася. У чэрвені 2018 году стала вядома пра масавыя затрыманьні ў мэдыцынскай галіне. У дачыненьні да 37 службовых асобаў былі ужытыя розныя меры стрыманьня за злачынствы, прадугледжаныя трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу

  • 430 («Атрыманьне хабару»),
  • 431 («Даваньне хабару»)
  • 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў»)

Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 90 чалавек. Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле названых крымінальных артыкулаў.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

  • 11 чэрвеня 2018 году стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).​
  • 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў. Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.​
  • 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).​
  • 25 чэрвеня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
  • Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
  • 21 ліпеня быў звольнены затрыманы раней намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, паводле КДБ, браў хабар «ад 2500 да 10 тысяч даляраў».
  • 21 жніўня агучаны першы вырак у справе мэдыкаў-карупцыянэраў: былы намесьнік галоўнага лекара па тэхніцы Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аркадзь Патапаў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынствы.
  • 11 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па «справе мэдыкаў» распачатыя 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў», амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва.
  • 30 студзеня 2019 году стала вядома Камітэт дзяржаўнай бясьпекі вядзе папярэдняе сьледзтва па 4 крымінальных справах, у межах якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асобаў сыстэмы аховы здароўя і 63 асобы — уласьнікі (заснавальнікі), кіраўнікі і працаўнікі камэрцыйных структураў. У гэты час ужо ішоў шэраг судоў па карупцыйных справах у мэдыцыне.

«Ідзі і грабі». Былы высокапастаўлены чыноўнік Мінздароўя камэнтуе «справу мэдыкаў»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG