На цырымоніі ўручэньня прэміі «За духоўнае адраджэньне» у Палацы Рэспублікі Аляксандар Лукашэнка частку прамовы прачытаў па-беларуску.
У эфіры першага каналу БТ быў паказаны фрагмэнт прамовы. Пасьля Лукашэнка працягнуў выступ па-расейску. Беларускамоўны фрагмэнт заняў каля 2 хвілінаў. У роліку ён паказаны ня цалкам.
Лукашэнка рэдка выступае публічна на беларускай мове. Гэта адбываецца раз на пяць гадоў падчас прыняцьця прысягі прэзыдэнта. Некалькі разоў ён устаўляў беларускамоўныя фрагмэнты ў прамовы падчас іншых урачыстасьцяў, у прыватнасьці з нагоды Дня беларускай навукі. Беларускія словы кіраўнік краіны часта выкарыстоўвае зьедліва, калі кажа пра сваіх палітычных апанэнтаў.
На канцэрце таксама выступіў малодшы сын кіраўніка дзяржавы Мікалай Лукашэнка. Разам са сваім выкладчыкам Аленай Асташкінай-Мысліўчык ён зайграў фантазію для двух фартэпіяна і голасу на тэмы песень з альбому «Куточак Беларусi» Яўгена Алейніка і Юліі Быкавай.