Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскія настаўнікі разносілі паведамленьні пра «дармаедзтва» ў межах дабрачыннай акцыі


Ілюстрацыйнае фота. Мітынг супраць дэкрэту аб «дармаедах», 19 лютага 2017 году
Ілюстрацыйнае фота. Мітынг супраць дэкрэту аб «дармаедах», 19 лютага 2017 году

Жыхарку Гомля Юлію Ганісеўскую, шматдзетную маці, наведалі прадстаўнікі сярэдняй школы № 73 і ўручылі ёй «ліст шчасьця» — паведамленьне, што яна ўключана ў базу «не занятых у эканоміцы».

«Пад подпіс. На паштовых паслугах выканкам вырашыў зэканоміць. Хай настаўнікі ў завіруху цягаюцца па кватэрах», — напісала ў сацыяльнай сетцы Юлія.

Вось такія паведамленьні разносілі гомельскія настаўнікі
Вось такія паведамленьні разносілі гомельскія настаўнікі

Яна не «дармаедка», бо выхоўвае чацьвярых дзяцей, малодшай дачцэ няма сямі гадоў.

Дырэктар гомельскай сярэдняй школы № 73 Дзьмітры Вострыкаў не адмаўляе, што настаўнікі разносілі «лісты шчасьця».

«Але гэта было ў межах дабрачыннай акцыі „Нашы дзеці“. Наведвалі шматдзетных. Адно на другое наклалася, так атрымалася. Гэта былі не лісты, а паведамленьні. Нашы настаўнікі ўваходзяць у склад пастаяннай камісіі пры выканкаме па садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», — патлумачыў дырэктар школы.

Ён кажа, што ўручэньні «лістоў шчасьця» бацькі ўспрынялі спакойна.

Дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» праходзіць па ўсёй Беларусі з 10 сьнежня па 11 студзеня. Акцыя складаецца з ранішнікаў, навагодніх сьвятаў, уручэньня падарункаў выхаванцам дзіцячых дамоў. Асаблівая ўвага ўдзяляецца дзецям, якія апынуліся ў складанай жыцьцёвай сытуацыі, выхаванцам школ-інтэрнатаў, дзецям са шматдзетных, апякунскіх, прыёмных сем’яў, дзецям-інвалідам.

«Мы такіх даручэньняў не давалі»

«Канкрэтна наша ўпраўленьне адукацыі такіх даручэньняў не давала, — сказала карэспандэнту Свабоды намесьніца начальніка ўпраўленьня адукацыі Гомельскага гарвыканкаму Алена Парошына. — Больш за тое, мы прыхільнікі таго, каб настаўнікі да гэтай працы не прыцягваліся. І гэта мы тлумачым на ўсіх узроўнях».

Яна не патлумачыла, хто мог даць распараджэньне настаўнікам школы № 73 у Навабеліцкім раёне Гомля разносіць па кватэрах лісты грамадзянам, якія ўключаны ў базу «дармаедаў».

«Пакуль наконт гэтага нічога не магу пракамэнтаваць. Будзем разьбірацца, хто даваў такія даручэньні», — сказала Алена Парошына.

Галоўнае пра «дармаедзкі» дэкрэт

Дэкрэт «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у студзені 2018 году, абавязаў усіх «не занятых у эканоміцы» грамадзян Беларусі ў поўным аб’ёме плаціць за датаваныя дзяржавай паслугі ЖКГ, пачынаючы з 2019 году.

7 пытаньняў і адказаў пра новы «дармаедзкі» дэкрэт

Пазьней 10 сьнежня Лукашэнка пазбавіў семʼі, дзе ўсе працаздольныя — «дармаеды», права на атрыманьне дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жытла.

  • У «базу дармаедаў» занесьлі каля 425 тысяч чалавек. У іх лік трапілі, напрыклад, грамадзяне, якія сплацілі падаходны падатак, а таксама частка тых, хто стала пражывае за мяжой.
  • Каб давесьці ўладам памылковасьць занясеньня ў базу, неабходна зрабіць шэраг бюракратычных захадаў.

Імаверна, пастанову Саўміну аб «дармаедах» ад 31 сакавіка прынялі задняй датай. Вядома, што 4 красавіка гэтай пастановы яшчэ не было.

Папярэдні «дармаедзкі» дэкрэт перапісалі

Першы дакумэнт аб «дармаедах» — дэкрэт № 3 ад 2015 году — абавязваў грамадзян, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі менш за паўгода, сплачваць збор памерам 20 базавых велічыняў. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.

У 2017 годзе збор сплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні, казалі ў Міністэрстве падаткаў і збораў.

Дзеяньне дэкрэту прыпынілі пасьля пратэстных «Маршаў недармаедаў», якія праходзілі ў гарадах Беларусі ўвесну 2017 году.

ТЭСТ: Даведайцеся, ці вы «дармаед»?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG