Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанская газэта распавяла новыя дэталі пра жыцьцё Скрыпалёў


Былы падвойны агент Сяргей Скрыпаль і яго дачка Юлія пасьля замаху на іх у Солсбэры дагэтуль у Брытаніі і не знаходзяцца ў ізаляцыі — сьцьвярджае газэта The Telegraph са спасылкай на свае крыніцы.

Па дадзеных выданьня, бацька і дачка Скрыпалі жывуць на поўдні Англіі. Хаця яны па-ранейшаму пад наглядам лекараў, а іх бясьпеку забясьпечваюць спэцслужбы, яны не абмежаваныя ў рухах. Мінулым летам, як сьцьвярджаецца, іх нават наведвалі госьці з Расеі. Юлія Скрыпаль, як сьцьвярджаецца, падтрымлівае сувязь са сваімі сябрамі, якія не выдаюць падрабязнасьцяў. Сьцьвярджаецца, што брытанскія сябры дапамаглі Юліі знайсьці ў Брытаніі працу. Што менавіта за праца — не ўдакладняецца, гаворыцца толькі, што яна зьвязаная зь веданьнем расейскай мовы.

Па дадзеных газэты, Юлія Скрыпаль зьбіралася вярнуцца ў Расею, але азнаёміўшыся з матэрыяламі сваёй справы, вырашыла адкласьці гэтае рашэньне.

Газэта цытуе былога супрацоўніка брытанскіх спэцслужбаў Філіпа Інгрэма, які сьцьвярджае, што ўлады маглі забясьпечыць Скрыпалёў невялікай пэнсіяй, вылучыць ім субсыдыі на жыльлё, набыцьцё аўтамабіля і мэблі. Апытаныя The Telegraph экспэрты мяркуюць, што сур’ёзная небясьпека Скрыпалям цяпер не пагражае.

  • Сяргей і Юлія Скрыпалі былі знойдзены без прытомнасьці ў Солсбэры 4 сакавіка. Брытанскія ўлады заявілі, што яны былі атручаныя нэрвова-паралітычным рэчывам «Навічок», і ўсклалі адказнасьць за атручваньне на расейскую ваенную выведку. Пасьля доўгага лячэньня Сяргей і Юлія Скрыпалі выжылі. Сяргей з таго часу не зьяўляўся на публіцы, Юлія Скрыпаль ў траўні запісала відэазварот.
  • Са спасылкай на ўрадавыя крыніцы The Telegraph раней паведаміў, што брытанскім уладам вядомыя ўсе падрабязнасьці замаху, у тым ліку і пра ролю прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна ў яго арганізацыі.
  • Дзякуючы маштабнаму расьсьледаваньню, праведзенаму брытанскімі ўладамі, дэталі змовы вядомыя, устаноўлены агенты расейскіх спэцслужбаў, якія ўчынілі напад у Солсбэры, піша газэта.
  • Па дадзеных брытанскіх уладаў, замах учынілі два агенты расейскай ваеннай выведкі, вядомыя пад імёнамі Аляксандр Пятроў і Руслан Башыраў. Група сьледчых Bellingcat сьцьвярджае, што сапраўднае імя Аляксандра Пятрова — Аляксандр Мішкін. Руслан Башыраў, як сьцьвярджаецца, — Анатоль Чапіга. Абодва яны названыя супрацоўнікамі расейскай ваеннай выведкі.
  • Масква катэгарычна адмаўляе датычнасьць да інцыдэнту ў Солсбэры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG