У Берасьці 30 сьнежня супрацоўнікі ДАІ затрымалі грамадзкага актывіста Віталя Казака, які плянаваў правесьці на плошчы Леніна навагодняе сьвята.
Як паведаміў агенцтву БелаПАН Казак, напярэдадні ён занёс у гарвыканкам пісьмовае паведамленьне аб тым, што 30 сьнежня з 11.30 да 14. 00 як індывідуальны прадпрымальнік арганізуе на плошчы Леніна навагоднюю сьвяточную праграму. Аналягічнае апавяшчэньне ён накіраваў у падатковую інспэкцыю.
«Па нядзелях у гэты час на плошчы Леніна зьбіраюцца праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасьцем. Я таксама супраць гэтага заводу і ня раз прыходзіў на плошчу. Таму мая навагодняя праграма зь Дзедам Марозам і Сьнягуркай вызначалася з экалягічнай скіраванасьцю», — расказаў Казак.
Паводле яго, увечары 29 сьнежня яму патэлефанавалі з гарвыканкаму і прапанавалі раніцай 30 сьнежня сустрэцца і абгаварыць некаторыя пытаньні у сувязі з гэтым мерапрыемствам.
«Сёньня ў 9.00 на вуліцы Піянерскай мой аўтамабіль спыніў супрацоўнік ДАІ. Спачатку ён вельмі доўга правяраў мае дакумэнты, потым павёз мяне на мэдычны агляд. Як мне падалося, туды ў гэты час сагналі п’яных людзей з усяго гораду. Агляд паказаў, што я цьвярозы, але я праседзеў там да 14.00, — дапоўніў Казак. — У выніку сьвята сарвалі, таму што мяне нэўтралізавалі супрацоўнікі міліцыі. Для гэтага яны і правялі гэтую спэцаперацыю».
15 кастрычніка суд Ленінскага раёну Берасьця аштрафаваў Казака на 10 базавых велічыняў (245 рублёў) за ўдзел у акцыі супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу, якая прайшла 14 кастрычніка на плошчы Леніна.
Акцыі на плошчы Леніна ў Берасьці праходзяць па нядзелях з 25 лютага. Сёньня 44-ы раз на плошчы сабраліся жыхары рэгіёну, якія выступаюць супраць будаўніцтва экалягічна небясьпечнага прадпрыемства.