Эўрапейскі зьвяз не спрабуе ўтрымаць Вялікабрытанію і хоча пачаць абмеркаваньне будучых дачыненьняў, калі парлямэнт Вялікабрытаніі прыме Brexit. Пра гэта заявіў старшыня Эўрапейскай камісіі Жан-Клёд Юнкер ў інтэрвію нямецкай газэце Welt am Sonntag.
Паводле Юнкера, Брусэль паважае вынікі праведзенага ў 2016 годзе рэфэрэндуму, і адзінае, чаго хочуць кіраўнікі ЭЗ, — яснасьць адносна далейшых дачыненьняў.
Старшыня Эўракамісіі падкрэсьліў, што ЭЗ гатовы пачаць перамовы аб новым пагадненьні са Злучаным каралеўствам адразу пасьля таго, як брытанскі парлямэнт ухваліць ўрадавы плян Brexit.
17 сьнежня прэм’ер-міністарка Тэрэза Мэй заявіла, што парлямэнт Вялікабрытаніі пачне разгляд урадавага пляну выхаду каралеўства з Эўрапейскага зьвязу 7 студзеня, а галасаваньне мае адбыцца пасьля 14-га.
Раней галасаваньне было прызначанае на 11 сьнежня, аднак напярэдадні ўрад Тэрэзы Мэй перанёс яго. Большасьць дэпутатаў парлямэнту адмаўляюцца падтрымаць угоду: адных (як апазыцыйных лейбарыстаў, так і частку кансэрватараў) не задавальняюць умовы, іншыя выступаюць супраць выхаду з ЭЗ і заклікаюць да паўторнага рэфэрэндуму.
Афіцыйна прызначаная дата выхаду Брытаніі з ЭЗ — 29 сакавіка 2019 году.