Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд часткова задаволіў пазоў сузаснавальніка «Поедем поедим» да «Новага часу»


Ілюстрацыйнае фота. Пікет ля брамы рэстарацыі «Поедем поедим» у Курапатах
Ілюстрацыйнае фота. Пікет ля брамы рэстарацыі «Поедем поедим» у Курапатах

У Савецкім раённым судзе Менску завершыўся працэс паводле пазову бізнэсоўцы Леаніда Зайдэса да газэты «Новы час» і журналіста Дзяніса Івашына. Пасьля судовых спрэчак судзьдзя Вераніка Абрамовіч абвясьціла вэрдыкт — прызнаць пазоў часткова.

Суд абавязаў «Новы час» абвергнуць зьвесткі. Таксама з рэдакцыі будзе спагнана 700 рублёў і 1250 рублёў судовых выдаткаў. Галоўная рэдактарка выданьня Аксана Колб сказала, што будзе раіцца зь юрыстамі, ці варта абскарджваць судовае рашэньне.

Абаронца Зайдэса: «Інфармацыя пра майго падабароннага лжывая»

Яўгенія Патапава, адвакатка Леаніда Зайдэса, у судовых спрэчках паўтарыла сваю пазыцыю наконт пазову яе давяральніка да газэты і журналіста.

Яўгенія Патапава
Яўгенія Патапава

Сузаснавальнік рэстарацыі «Поедем поедим» у Курапатах патрабуе абвяржэньня інфармацыі пра яго ў газэце «Новы час» і спагнаньня з пазоўнікаў агулам 8 тысяч рублёў як кампэнсацыю за нанесеныя страты.

Паводле абаронцы, будоўля аб’екта прыдарожнага сэрвісу, дзе потым разьмясцілася рэстарацыя, насамрэч была законнай. На момант уводу аб’екта ён быў за межамі ахоўнай зоны вакол Курапатаў, а таксама былі выкананыя іншыя патрабаваньні кантрольных органаў. Словы «незаконная будоўля» пра гэты аб’ект у артыкуле Дзяніса Івашына, паводле абаронцы, і ёсьць доказам распаўсюду кампрамэтуючых зьвестак пра Леаніда Зайдэса.

Другое выказваньне, якое аспрэчвае прадпрымальнік, тычыцца зьвестак аб крымінальнай справе супраць службовых асобаў украінскай фірмы «МАК-2000», саўладальнікам якой ёсьць Леанід Зайдэс.

У камэнтары для тэлеканалу «Белсат», сьцьвярджае абаронца, журналіст Дзяніс Івашын заявіў, што гэтая крымінальная справа нібыта заведзеная менавіта супраць Зайдэса, што не адпавядае рэчаіснасьці. Гэта і ёсьць ілжывая інфармацыя, якая нанесла шкоду бізнэсоўцу. Паводле Яўгеніі Патапавай, ілжывасьць зьвестак пра Зайдэса і распаўсюд іх былі пацьверджаныя ў судзе, і таму пазоў мусіць быць задаволены.

Дзяніс Івашын
Дзяніс Івашын

Таксама яна нагадала суду пра рэпутацыйныя страты Леаніда Зайдэса ад камэнтароў у інтэрнэце: «Гэтыя страты перашкодзяць майму давяральніку ў актыўнай дзейнасьці», — заявіла абаронца.

Яўгенія Патапава назвала грашовы памер пазову «адэкватным», а таксама патлумачыла, чаму Леанід Зайдэс не прыйшоў у суд асабіста. Паводле абаронцы бізнэсоўца, яму «непрыемна» быць разам з гэтымі людзьмі і адкрываць ім сваю душу перад судом.

Івашын: «Крымінальны перасьлед і судзімасьць — розныя рэчы»

Пазваныя настойвалі, што прэтэнзіі бізнэсоўца нічым не абгрунтаваныя. Так, прадстаўніца газэты «Новы час» Марыя Колесава-Гудзіліна мяркуе, што бок Зайдэса так і не прывёў доказаў таго, што ён панёс маральную шкоду ад артыкулу Дзяніса Івашына і камэнтароў у інтэрнэце.

Марыя Колесава-Гудзіліна
Марыя Колесава-Гудзіліна

Паводле адвакаткі, пастанова Генэральнай пракуратуры аб незаконнасьці будаўніцтва аб’екта ў Курапатах, прынятая ў лістападзе 2012 году, дагэтуль не адмененая, а ўсе факты адпавядаюць рэчаіснасьці. Таму згадваньне пра незаконнасьць будаўніцтва ня можа лічыцца кампрамэтуючай інфармацыяй, лічыць Марыя Колесава-Гудзіліна.

Паводле прадстаўніцы газэты «Новы час», зьвесткі пра Леаніда Зайдэса як пра службовую асобу ўкраінскай фірмы «МАК-2000», супраць якой вядзецца крымінальная справа ва Ўкраіне, таксама нельга расцэньваць як кампрамэтуючыя. Абаронца лічыць неістотнай для спрэчкі прад'яўленую бокам Зайдэса даведку пра тое, што ён не асуджаны ўкраінскім судом.

«Газэта пісала толькі пра крымінальны перасьлед службовых асобаў „МАК-2000“ са спасылкай на афіцыйныя зьвесткі з Украіны». Паводле гэтых зьвестак, якія ёсьць у адкрытым доступе, у дачыненьні службовых асобаў фірмы «Мак-2000» вядзецца крымінальная справа. Леанід Зайдэс ёсьць асноўным бэнэфіцыярам гэтай фірмы і паводле ўкраінскіх законаў мусіць быць службовай асобай», — мяркуе прадстаўніца газэты.

Леанід Зайдэс, архіўнае фота
Леанід Зайдэс, архіўнае фота

Рэдактарка газэты «Новы час» Аксана Колб заявіла суду, што законнасьць дзейнасьці рэстарацыі «Поедем поедим» яшчэ можа быць абскарджаная ў судзе, але пачыналася гэтая будоўля яўна незаконна — у ахоўнай зоне вакол Курапатаў. Што і зафіксавала пракуратура.

«Што да шкоды рэпутацыі Зайдэса, дык сам факт пабудовы рэстарацыі побач зь месцам масавых расстрэлаў ужо наносіць шкоду ягонай рэпутацыі, тут мэдыя ні пры чым», — мяркуе Аксана Колб.

Журналіст Дзяніс Івашын таксама казаў, што сам Леанід Зайдэс спрычыніўся да псаваньня сваёй дзелавой рэпутацыі: спачатку ўдзелам у пабудове побач з Курапатамі аб’екта, дзе цяпер знаходзіцца рэстарацыя, а потым тым, што і пасьля 7 месяцаў змаганьня грамадзтва з гэтай забаўляльнай установай працягвае настойваць на сваім ды спрабуе пакараць журналістаў, якія занялі іншую пазыцыю.

Паводле прадстаўніка БАЖ Алега Агеева, усе высновы, якія зрабіў ягоны давяральнік Дзяніс Івашын, заснаваныя на фактах і ня могуць лічыцца кампраматам. У сваёй прамове ён спаслаўся і на эўрапейскі досьвед асьвятленьня тэмаў, балючых для грамадзтва. Роля прэсы мусіць быць у тым, каб яна шакавала, у тым ліку і вядомых асобаў, як у гэтым выпадку, мяркуе прадстаўнік БАЖ.

Алег Агееў
Алег Агееў

«Магчыма, яму непрыемна, што пра яго напісаў Дзяніс Івашын. Але гэта ніяк не зьвязана з асобай журналіста, які добра зрабіў сваю справу і заслугоўвае грамадзкай падзякі, а не пакараньня», — падсумаваў Алег Агееў.

Дзяніс Івашын лічыць вырак неаб'ектыўным і будзе раіць рэдакцыі абскардзіць рашэньне суду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG