Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь прапануе адзначыць 10-годзьдзе «Ўсходняга партнэрства» ў Менску


Беларусь прапануе правесьці ў сябе ў траўні 2019 году буйное мерапрыемства з удзелам высокіх эўрапейскіх чыноўнікаў, прысьвечанае 10-годзьдзю праграмы ЭЗ «Усходняе партнэрства». Пра гэта паведаміў пастаянны прадстаўнік Беларусі ў Эўразьвязе Аляксандар Міхневіч у інтэрвію праграме «Контуры» каналу ОНТ.

«Будзем падводзіць вынікі. Нешта атрымалася, нешта не атрымалася, але мы разумеем, што праект павінен працягвацца. Мы прапанавалі правесьці буйное мерапрыемства ў Беларусі з удзелам высокапастаўленых чыноўнікаў ЭЗ, абмеркаваць пэрспэктывы, павысіць цікавасьць да гэтага праекту з боку ЭЗ і нашых структур», — сказаў пастаянны прадстаўнік Беларусі.

На думку Міхневіча, на гэтым мерапрыемстве варта, сярод іншага, абмеркаваць пытаньне аб тым, як зьняць існуючыя бар’еры ў вонкавым гандлі. «Мы плянуем правесьці і буйны эўрапейска-беларускі бізнэс-форум. Усе прэзэнтацыі эканамічных магчымасьцяў Беларусі праходзяць з удзелам структур Эўразьвязу, цяпер яны часта ў гэтых пытаньнях нас падтрымліваюць», — падкрэсьліў дыплямат. На яго думку, гэта адзін з фактараў, які паўплываў на рост таваразвароту Беларусі з ЭЗ.

Эўразьвяз, дадаў Міхневіч, разумее, што хоць Беларусь і мае стратэгічных партнэраў на Ўсходзе, яна праводзіць нэўтральную і незалежную палітыку. «У нас захаваліся добрыя адносіны і з Грузіяй, і Малдовай, і з Украінай. Гэта сьведчыць аб тым, што мы маем незалежную і ўзважаную вонкавую палітыку», — лічыць ён.

Міхневіч таксама адзначыў, што варта пачынаць працу над аснаватворным пагадненьні аб партнэрстве і супрацоўніцтве паміж Беларусьсю і ЭЗ. «Гэта задача нумар адзін, хоць тэрмін — 1 красавіка ці 10 чэрвеня — мы ня ставім перад сабой. Гэта павінна высьпець і зьявіцца дакладнае разуменьне, як і што павінна быць, што мы хочам там адлюстраваць, што гэта дасьць Беларусі, што гэта дасьць ЭЗ, тады працэс пойдзе хутчэй», — перакананы сталы прадстаўнік Беларусі ў Эўразьвязе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG