Вярхоўны суд ЗША забараніў адміністрацыі Дональда Трампа прымяняць новыя іміграцыйныя правілы, паводле якіх нелегальныя імігранты ня могуць падаваць прашэньне аб прытулку ў ЗША.
Пяцёра зь дзевяці судзьдзяў адхілілі апэляцыю Белага дому.
Адміністрацыя Трампа апратэставала ў вышэйшай судовай інстанцыі распараджэньне каліфарнійскага судзьдзі. 20 лістапада судзьдзя Джон Тайгар ў Сан-Францыска пастанавіў часова забараніць прымяненьне новых правілаў прадстаўленьня прытулку, прапанаваных Белым домам.
Старшыня Вярхоўнага суду, кансэрватар Джон Робэртс, які ўступіў у лістападзе ў спрэчку з Трампам з нагоды незалежнасьці судовай сыстэмы, далучыўся да чатырох лібэральным судзьдзяў і дапамог ім адхіліць апэляцыю Белага дому, паведамляе Reuters.
Канфлікт паміж Робэртсам і Трампам адбыўся пасьля таго, як прэзыдэнт назваў «судзьдзём Абамы» Джона Тайгара, які заблякаваў ў акруговым судзе Сан-Францыска дзеяньне яго дэклярацыі аб іміграцыйнай палітыцы. Камэнтуючы 21 лістапада рэпліку прэзыдэнта, Робэртс заявіў, што ў ЗША няма маецца «судзьдзяў Абамы або судзьдзяў Трампа, судзьдзяў Буша або судзьдзяў Клінтана».
Прэзыдэнт Трамп 9 лістапада падпісаў указ аб іміграцыйнай палітыцы. Ён адмовіў нелегальным імігрантам у правае на атрыманьне статусу ўцекача. Тыя, хто жадае падаць прашэньне аб прытулку ў ЗША, павінны перасекчы амэрыканскую мяжу праз афіцыйны прапускны пункт, гаварылася ва ўказе.