У Смаленскай вобласьці спыненыя пастаўкі ў Расею зь Беларусі бялкова-тлушчавай прадукцыі з выкарыстаньнем нелегальных схемаў, паведаміла 21 сьнежня ўпраўленьне Расьсельгаснагляду па Бранскай і Смаленскай абласьцях.
У памежным пункце «Красная Горка» быў спынены транспарт, які, згодна з дакумэнтамі перавозіў сыр.
Груз адгружаўся на пляцоўцы Магілёўскай кампаніі «Бабушкина крынка» і накіроўваўся ў Казахстан. Аднак у грузавым адсеку знаходзіўся бялкова-тлушчавы канцэнтрат.
Груз і дакумэнты былі перададзеныя інспэктарам Расьсельгаснагляду, аднак даглядзець машыну не атрымалася, бо кіроўца «неадкладна пакінуў даглядную пляцоўку, пакінуўшы пры гэтым арыгіналы суправаджальных дакумэнтаў».
«Расьсельгаснагляд» накіраваў запыт у Дзяржаўную вэтэрынарную службу Беларусі аб пацьверджаньні адгрузкі.
«Папярэдне беларускія калегі абверглі факт выдачы вэтэрынарнага сэртыфікату і адгрузку з ААТ «Бабушкина крынка», — адзначаецца ў рэлізе.
Акрамя таго, была затрыманая машына, якая нібыта перавозіла мэталічныя сьценавыя панэлі з уцяпляльнікам. Іх адпраўніком у дакумэнтах значылася ТАА «Ізаспан» (Магілёў), атрымальнікам — ТАА «АльянсСтрой» (Масква). За пярэднімі пластамі загрузкі таксама быў знойдзены бялкова-тлушчавы канцэнтрат.
Груз таксама быў перададзены «Расьсельгаснагляду».
Згодна з маркіроўкай, канцэнтрат быў выраблены беларускім ТАА «Аскаміл».
«Разам з тым маркіровачныя этыкеткі былі нанесеныя такім чынам, што дазваляла лёгка іх выдаліць, што не выключае ўвоз перамаркіраванага ўкраінскага прадукту», — заявілі ў ведамстве.
Раней на мяжы са Смаленскай вобласьцю ня раз спынялі спробы ўвозу прадукцыі з этыкеткамі прадпрыемства «Аскаміл». «У прыватнасьці, пад забарону патрапіла больш як 260 тон падобнага прадукту ў сувязі з падазрэньнем на пастаўкі прадукцыі зь іншага беларускага прадпрыемства, у дачыненьні да якога Расьсельгаснаглядам уведзеныя часовыя абмежаваньні на пастаўкі».
«Яшчэ больш як 20 тон бялкова-тлушчавай прадукцыі было утылізавана, паколькі яна ўвозілася ў Расейскую Федэрацыю без дакумэнтаў пад выглядам тавараў прыкрыцьця», — адзначаецца ў рэлізе.