Японія выказала Расеі пратэст з прычыны будаўніцтва казармаў для вайскоўцаў на Курыльскіх выспах Ітуруп і Кунашыр. Як паведаміў прэс-сакратар японскага кабінэта міністраў Ёсіхідэ Суга, адпаведная заява была зроблена 18 сьнежня па дыпляматычных каналах у Маскве.
Раней прадстаўнік Усходняй вайсковай акругі паведаміў, што два інтэрнаты для расейскіх вайскоўцаў на астравах Ітуруп і Кунашыр заселяць да канца 2018 года, перадае ТАСС. Паводле яго слоў, яшчэ чатыры казармы на выспах будуць здадзены ў эксплёатацыю ў 2019 годзе.
Па дадзеных міністэрства абароны Японіі, на двух Курыльскіх выспах, якія Токія лічыць акупаванай тэрыторыяй, знаходзяцца тры з паловай тысячы расейскіх вайскоўцаў.
Чатыры выспы Курыльскай грады — Ітуруп, Шыкатан, Кунашыр і Хабамаі — выклікаюць тэрытарыяльныя рознагалосьсі паміж дзьвюма краінамі з канца Другой сусьветнай вайны. Тады Савецкі Саюз анэксаваў тэрыторыі, якія Японія лічыць сваімі. У 1956 году СССР і Японія падпісалі дэклярацыю аб завяршэньні вайсковых дзеяньняў, аднак мірны дагавор так і не быў падпісаны.