Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 15 лістапада выступіў з новай крытыкай расьсьледаваньня аб расейскім умяшаньні ў выбары 2016 году, нягледзячы на прыкметы таго, што яно, магчыма, ужо набліжаецца да завяршэньня, паведамляе «Голас Амэрыкі».
У апошнія тыдні перад прамежкавымі выбарамі ў Кангрэс ЗША ў расьсьледаваньні, якім кіруе спэцпрокурор Робэрт Мюлер, больш-менш наступіла зацішша, у асноўным абумоўленае тым, што Мінюст імкнецца не прыцягваць увагі да палітычна далікатных спраў перад буйнымі выбарамі. Аднак прававеды мяркуюць, што неўзабаве адбудуцца новыя падзеі.
Пісьмовыя пытаньні Трампу
Паводле СМІ, на гэтым тыдні прэзыдэнт абдумваў адказы на пісьмовыя пытаньні каманды Мюлера аб тым, ці ўступаў перадвыбарчы штаб Трампа ў змову з Расеяй, што ён сам неаднаразова абвяргаў.
Аднак застаецца незразумелым, ці пагодзіцца Трамп пагутарыць зь Мюлерам, каб адказаць на дадатковыя пытаньні аб меркаванай змове, а таксама аб магчымым перашкодзе правасудзьдзя з боку прэзыдэнта. Між тым Мюлер можа напісаць даклад са сваімі высновамі, а таксама выставіць новыя абвінавачваньні набліжаным Трампа.
У чацьвер Трамп зноў выступіў з крытыкай расьсьледаваньня, якое неаднаразова называў «паляваньнем на ведзьмаў».
Прэзыдэнт напісаў у «Твітэры», што «ва ўнутранай кухні расьсьледаваньня Мюлера дзеецца поўны беспарадак», пры гэтым нічым не пацьвердзіўшы сваіх слоў.
«Яны не знайшлі ніякай змовы і зусім звар’яцелі, — заявіў прэзыдэнт. — Яны крычаць на людзей, запалохваючы іх, каб атрымаць жаданыя адказы. Яны ганьба нашай нацыі. Ім усё роўна, колькі жыцьцяў яны разбураць. Гэта разгневаныя людзі, у тым ліку Боб Мюлер зь ягоным відавочным канфліктам інтарэсаў. Ён 8 гадоў працаваў на Абаму. Яны нават ня хочуць зьвярнуць увагу на ўсе дрэнныя ўчынкі і злачынствы другога боку. Абсалютнае паляваньне на ведзьмаў, якога яшчэ не было ў амэрыканскай гісторыі!»