Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядомае імя кіраўніка адзінай памеснай праваслаўнай царквы Ўкраіны


Аб’яднаўчы сабор трох праваслаўных цэркваў Украіны абвясьціў аб стварэньні адзінай памеснай праваслаўнай царквы. Яе ў сане Мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Ўкраіны ўзначаліць мітрапаліт Пераяслаўскі і Белацаркоўскі Эпіфаній (Думенка).

Паводле папярэдняй інфармацыі, Канстантынопальскі патрыярх перадасьць Мітрапаліту Эпіфанію томас аб аўтакефальнай праваслаўнай царкве Ўкраіны 6 студзеня.

Мітрапаліт Эпіфаній нарадзіўся ў 1979 годзе ў Адэскай вобласьці. Мае доктарскую ступень па багаслоўі, рэктар і прафэсар катэдры біблейскіх і філялягічных дысцыплін Кіеўскай праваслаўнай багаслоўскай акадэміі, сталы сябра Сіноду Ўкраінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату. У 2013 годзе кіраўнік УПЦ КП Філарэт прызначыў яго пераемнікам на выпадак сваёй сьмерці.

«Слава Богу! Віншую ўсіх са стварэньнем адзінай памеснай праваслаўнай царквы ва Ўкраіне», — заявіў Пятро Парашэнка на Сафійскай плошчы, на якую выйшаў разам з абраным кіраўніком новастворанай праваслаўнай царквы ва Ўкраіне.

Прэзыдэнт Украіны назваў сёньняшняе паседжаньне аб’яднаўчага сабору «эпахальнай падзеяй». Прысутныя на плошчы прывіталі яго словамі «Слава Ўкраіне!»

Парашэнка перакананы, што стварэньне адзінай памеснай царквы мае такую ж вагу, як і незалежнасьць краіны:

«Што гэта за царква? Гэта царква бяз Пуціна, без Кірыла. Царква, якая выхоўвае грамадзяніна Ўкраіны».

Ён падзякаваў усім грамадзянам, герархам усіх праваслаўных цэркваў і асобна – Філарэту, які, на ягоную думку, назаўсёды застанецца, духоўным лідэрам праваслаўнай царквы.

«Дзьверы нашай царквы адкрытыя для ўсіх»

«Мы змаглі перамагчы спакусы, нязгоды і стварыць адзіную памесную царкву», — сказаў Мітрапаліт Эпіфаній і дадаў, што гэта стала магчыма, дзякуючы супольным высілкам Сусьветнага патрыярхату, УПЦ КП, УАПЦ ды сьвецкага кіраўніцтва Ўкраіны.

Паводле яго, мітрапаліт Філарэт застанецца пачэсным лідэрам праваслаўнай царквы.Ён таксама заклікаў усіх сьвятароў далучыцца да аб’яднаўчага працэсу:

«Дзьверы нашай царквы адкрытыя для ўсіх. Заклікаем усіх да яднаньня і быць у прызнанай адзінай памеснай праваслаўнай царкве».

Паводле папярэдняй інфармацыі, у абʼяднаўчым саборы ўдзельнічалі толькі два эпіскапы Маскоўскага патрыярхату, хаця папярэдне аб сваіх плянах далучыцца да памеснай царквы выказвалася каля 10 сьвятароў.

Царква будзе мець аўтакефальныя правы, але ейны статус вызначаны як мітраполія Канстантынопальскага патрыярхату.

У саборы, які праходзіў пад старшынствам прадстаўніка Сусьветнага патрыярха мітрапаліта Гальскага Эмануіла, удзельнічалі 192 прадстаўнікі Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату, Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы і шэраг сьвятароў Маскоўскага патрыярхату.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG