Сойм зарэгістраванай у Чэхіі беларускай моладзевай арганізацыі «Малады фронт» выбраў старшынём 29-гадовага Дзяніса Ўрбановіча.
Урбановіч апошнім часам браў удзел у акцыях супраць дзейнасьці ля ахоўнай зоны Курапатаў рэстарацыі «Поедем поедим».
Урбановіч: гэта крызіс, але не ідэйны
Незарэгістраваная ў Беларусі арганізацыя «Малады фронт» была вядомая яркімі і часам дзёрзкімі апазыцыйнымі акцыямі і кампаніямі. Цяпер пра яе амаль нічога не чуваць. Але арганізацыя не распалася, ня зьнікла, кажа яе новы старшыня.
«Так, арганізацыя апынулася ў складаным становішчы, але гэта нармальная зьява, гэта не ідэйны крызіс, тым больш не катастрофа, а хутчэй зьмена пакаленьняў», — сказаў Свабодзе Дзяніс Урбановіч.
Паводле Ўрбановіча, разам зь ім у «Малады фронт» прыйшла новая каманда, у якой пануе давер адно да аднаго і якая з павагай ставіцца да былых актывістаў «Маладога фронту».
«Мая задача — захаваць гэты давер і прадоўжыць гэтыя традыцыі», — заявіў новы лідэр МФ.
«Пакуль ня бачу гатоўнасьці маёй каманды да радыкальных дзеяньняў»
Паводле Ўрбановіча, асноўныя задачы «Маладога фронту» як грамадзкай арганізацыі рэвізіі не падлягаюць: абарона незалежнасьці Беларусі і пабудова дэмакратычнага грамадзтва. Але арсэнал мэтадаў, якімі карыстаюцца маладафронтаўцы, будзе скарэктаваны.
«Пакуль бачу, што да нейкіх рашучых пратэставых акцый новая каманда яшчэ не гатовая. Таму найперш сканцэнтруемся на агітацыйных захадах: кампанія за беларускую мову, прапаганда нашых нацыянальных герояў, сымбаляў. Задумалі і ўжо пачнём рыхтаваць акцыю пад умоўнай назвай „Што трэба ведаць кожнаму беларусу?“. Дзеля гэтага плянуем шчыльней працаваць са студэнцкай моладзьдзю», — сказаў Урбановіч.
Дзяніс Урбановіч зарэгістраваны ў Лагойскім раёне, цягам мінулага году ён ня мог там знайсьці працу. Цяпер гэта праблема вырашаная ў Менску, днямі ён пачынае працаваць, але пакуль ня кажа, дзе: «Каб я ўзьнікла перашкод».
Чакаюць Дзяніса і новыя суды за несанкцыянаваныя акцыі.
«Вось толькі што прыслалі чарговы пратакол — за ўдзел у пікеце каля расейскай амбасады пасьля інцыдэнту ў Керчанскай пратоцы. Пішуць, што парушыў закон аб масавых мерапрыемствах. Будуць выклікаць у суд», — паведаміў Урбановіч.
Паводле актывіста, ад удзелу ў пікетаваньні рэстарацыі «Поедем поедим» у Курапатах ён не адмаўляцца: «Будзем стаяць да перамогі».
Дашкевіч: у крызісе ня толькі «Малады фронт»
Былы лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч прызнае, што цяпер у арганізацыі крызіс, як ва ўсім беларускім грамадзтве.
«У крызісе не адзін „Малады фронт“, а ўсё грамадзтва, такі ж крызіс перажываюць усе дэмакратычныя партыі і грамадзкія арганізацыі. Нельга вымяраць працу арганізацый заяўленай колькасьцю сяброў, гэта ўсё фікцыя, трэба арыентавацца на рэальныя справы. А іх за „Маладым фронтам“ у мінулыя некалькі апошніх гадоў было шмат — гэта і абарона Курапатаў, якая трымалася ўсяго на некалькі актывістах, кампанія абароны беларуская мовы, іншыя справы».
Паводле Дашкевіча, у арганізацыі паглядзелі праўдзе ў вочы і прызналі, што сілаў няшмат, што патрэбна абнаўленьне.
«Дзяніс Урбановіч падхапіў гэтую эстафэту, далучыўся да „Маладога фронту“, ён мае жаданьне рабіць справу далей. Мяне гэта натхняе. Можа, мяне ня ўсё задавальняе, што ён робіць і гаворыць, але чаму мы павінны кожны рух адзін аднаго ўсхваляць? Спадзяюся, што Дзяніс выбера добры шлях і стане пасьпяховым лідэрам», — кажа Дашкевіч.