У Вугоршчыне 16 сьнежня людзі зноў выйшлі на вуліцы сталіцы Будапэшту пратэставаць супраць новага закону аб павышэньні штогадовага ліміту звышурочных гадзін працы і судовай рэформы. Гэта ўжо чацьвёрты масавы пратэст за тыдзень.
Колькасьць пратэстоўцаў перавысіла 10 тысяч чалавек. Удзельнікі мітынгу пешшу пераадолелі дзясяткі кілямэтраў па вуліцах сталіцы пад сьцягамі Вугоршчыны і Эўразьвязу, заклікаючы жыхароў горада далучыцца да акцыі пратэсту. Сярод дэманстрантаў — прадстаўнікі левых апазыцыйных партый, студэнцкія арганізацыі, грамадзкія актывісты, а таксама прадстаўнікі прафсаюзаў.
Прадстаўнікі апазыцыйных партый апублікавалі 5 патрабаваньняў да ўраду краіны: адмена закону аб павышэньні штогадовага ліміту звышурочных гадзін працы ( «закон аб рабскай працы»), памяншэньне звышурочных гадзін праваахоўнікам, стварэньне незалежных судоў і эўрапейскай пракуратуры і незалежных СМІ.
На патрабаваньне пратэстоўцаў паліцыя прапусьціла ў будынак Грамадзкай тэлевізіі некалькіх дэпутатаў парлямэнту ад апазыцыйных партый, якія хацелі зачытаць гэты зварот у прамым эфіры, але ахова тэлестанцыі заявіла ім, што гэта немагчыма.
Акцыя мела практычна мірны характар да самага позьняга вечара, калі пасьля адмовы дэпутатам у тэлевыступе і прызываў у натоўпе ўварвацца ў памяшканьне тэлевізіі адбыліся сутыкненьні, паліцыя ўжыла сьлезацечны газ.
Раней на гэтым тыдні ўлады правялі ў парлямэнце закон аб зьменах у заканадаўства аб працы, якія дазволяць працадаўцам патрабаваць ад работнікаў адпрацоўваць звыш нормы да 400 гадзін за год. Таксама былі прынятыя законы аб стварэньні новых адміністрацыйных судоў, адказных перад урадам, якія будуць весьці справы, што датычацца выбарчага права, пратэстаў або карупцыйных пытаньняў. Крытыкі заяўляюць, што гэта чарговы наступ на дэмакратычныя інстытуты пры ўладзе Орбана, які прыйшоў да ўлады ў Вугоршчыне яшчэ ў 2010 годзе.