Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі за хабар судзяць мэнэджара, адказнага за барацьбу з карупцыяй


Зьлева направа: намесьнік дырэктара ЗЛіН Раман Волкаў, былы начальнік аддзелу ЗЛіН Максім Казлоў, генэральны дырэктар «Брянсксельмашу» Валерый Сулееў
Зьлева направа: намесьнік дырэктара ЗЛіН Раман Волкаў, былы начальнік аддзелу ЗЛіН Максім Казлоў, генэральны дырэктар «Брянсксельмашу» Валерый Сулееў

У Гомлі пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць «камбайнавых» топ-мэнэджараў за хабар у 1,2 мільёна расейскіх рублёў.

Пад судовы перасьлед трапілі намесьнік дырэктара Гомельскага заводу ліцьця і нармаляў, начальнік аддзелу заводу і генэральны дырэктар «Брянсксельмашу».

Намесьнік дырэктара Гомельскага заводу ліцьця і нармаляў (ЗЛіН) Раман Волкаў, былы начальнік аддзелу вонкавай каапэрацыі заводу Максім Казлоў і генэральны дырэктар ЗАТ СП «Брянсксельмаш» Валерый Сулееў былі затрыманыя КДБ у чэрвені 2018 году. Волкаў і Казлоў абвінавачаныя ў атрыманьні хабару, Сулееў — у перадачы. КДБ злавіла іх у момант перадачы грошай — 1 мільёну расейскіх рублёў.

Сулееў меўся яшчэ перадаць 21 тысячу даляраў у якасьці хабару. «Але не давёў свой намер да канца з прычыны затрыманьня яго супрацоўнікамі КДБ», — адзначана ў абвінавачаньні.

Справу разглядае суд Чыгуначнага раёну Гомля.

Два эпізоды хабару

Паводле абвінавачаньня, Волкаў, Казлоў і Сулееў дамовіліся, што ЗЛіН будзе набываць стужку для жняяркі ў «Брянсксельмаш». Беларускія партнэры «забясьпечылі выбар пастаўніка і своечасовую аплату» беларуска-расейскаму сумеснаму прадпрыемству. За спрыяльнае вырашэньне пытаньня Волкаў і Казлоў былі «прэміяваныя» Сулеевым.

Першы эпізод тычыўся пастаўкі на ЗЛіН 3800 уздоўжных мэтраў стужкі для жняяркі. Быў падпісаны кантракт на 11 мільёнаў расейскіх рублёў. Грашовая «падзяка» беларускім партнэрам склала 200 тысяч расейскіх рублёў (больш за 6600 беларускіх рублёў). Волкаў і Казлоў падзялілі грошы пароўну.

Другі эпізод — кантракт на пастаўку 15 тысяч уздоўжных мэтраў стужкі коштам 48 мільёнаў рублёў. За гэтае пагадненьне «камісія» для Рамана Волкава і Максіма Казлова склала 1 мільён расейскіх рублёў — па 500 тысяч на кожнага. Волкаў, Казлоў і Сулееў у судзе цалкам прызналі віну. Паседжаньне працягнецца допытамі абвінавачаных і сьведак.

Волкаў адказваў за барацьбу з карупцыяй

Волкаў у часе працы на ЗЛіН быў чальцом камісіі супрацьдзеяньня карупцыі.

«Кожнаму чальцу камісіі неабходна надаваць пастаянную ўвагу пытаньням барацьбы з карупцыяй, удасканаленьню мэтадаў яе перадухіленьня, выяўленьня, спыненьня і ліквідацыі яе наступстваў», — гаворыцца пра задачы камісіі ў паведамленьні на сайце прадпрыемства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG