Журналісты Польскага радыё і газэты Rzeczpospolita знайшлі ў архівах Інстытута Гувэра ў Стэнфардзе ў ЗША некалькі сотняў старонак дакумэнтаў камуністычнага апарату бясьпекі.
У прыватнасьці журналісты знайшлі асабістыя дакумэнты кіраўніка польскіх спэцслужбаў у 1981-1990 гг. генэрала Чэслава Кішчака, у тым ліку неапублікаваны раней ліст былога лідэра «Салідарнасьці» Леха Валэнсы ад 31 траўня1993 года. У гэтым лісьце Чэслаў Кішчак намякае на агентурную мінуўшчыну экс-прэзыдэнта Польшчы Леха Валэнсы і адзначае яго «ляяльнасьць».
Дырэктар Ваенна-гістарычнага ўпраўленьня Польшчы Славамір Цэнцкевіч назваў выяўлены ў ЗША ліст былога кіраўніка МУС Чэслава Кішчака Леху Валэнсе чарговым доказам датычнасьці былога прэзыдэнта да працы спэцслужбаў ПНР.
«Гэта яшчэ адно пацьверджаньне, што Валэнса быў агентам Службы бясьпекі і гэтая справа стала дзяржаўнай таямніцай усёй сыстэмы Трэцяй Рэспублікі Польшча», — адзначыў гісторык.
Графалягічная экспэртыза ў студзені 2017 года пацьвердзіла, што Лех Валэнса, былы прэзыдэнт Польшчы і колішні лідэр прафсаюзу «Салідарнасьць», уласнаручна напісаў і падпісаў абавязаньне сакрэтна супрацоўнічаць з камуністычнай службай бясьпекі ў першай палове 1970-х.
У лютым 2016 году стала вядома, што што сярод дакумэнтаў, знойдзеных у доме былога кіраўніка МУС Польшчы генэрала Чэслава Кішчака, знаходзіцца тэчка з дакумэнтамі, якія тычацца працы сакрэтнага супрацоўніка з псэўданімам «Болек», і абавязаньне аб супрацоўніцтве, падпісанае Лехам Валэнсам. З дакумэнтаў вынікае, што Валэнса пагадзіўся на тайнае супрацоўніцтва са службай бясьпекі ў 1970 годзе, неўзабаве пасьля крывавага задушэньня рабочага страйку ў Гданьску. Тады міліцыя расстраляла некалькі дзясяткаў работнікаў. Валэнса, паводле дакумэнтаў, быў тайным агентам пад псэўданімам «Болек» цягам 6 гадоў. Напісаў больш за сотню даносаў на сваіх калегаў, работнікаў Гданьскай вэрфі, і пра тое, што адбывалася ў іх асяродзьдзі. За свае даносы агент «Болек» атрымліваў грошы.
Лех Валэнса адпрэчыў сваё супрацоўніцтва з камуністычнай спэцслужбай і заявіў, што дакумэнты зь нібыта ягонымі запіскамі і подпісамі ў тэчцы «Болека» — падробленыя.