Ён удзельнічаў у флэшмобе, калі акторы тэатру пераапрануліся ў міліцэйскую форму зь вясёлкавымі пагонамі.
Міліцыя затрымала аднаго з удзельнікаў акцыі «МУС-ЛГБТ», якую праводзіла тэатральная лябараторыя “Фартынбрас”. Пра гэта Свабодзе паведамілі ў Свабодным тэатры.
У РУУС Цэнтральнага раёну Менску ў адказ на запыт Радыё Свабода паведамілі, што ў іх такога затрыманага няма. Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў адмовіўся паведамляць інфармацыю па тэлефоне.
Сябры студэнта бачылі як яго затрымліваюць. Яны кажуць, што іх сябра затрыманы паводле артыкула 23.34 адміністрацыйнага кодэксу «Парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў».
6 сьнежня Свабодны тэатар правёў флэшмоб у адным з гандлёвых цэнтраў Менску. Студэнты тэатральнай лабяраторыі “Фартынбрас” пры Свабодным тэатры ўдзельнічалі ў флэшмобе, пераапрануўшыся ў міліцэйскую форму зь вясёлкавымі пагонамі.
Усяго ў акцыі ўдзельнічалі тры студэнты лябараторыі.
Імёны ўдзельнікаў пакуль не называюцца.
МУС і сэкс: што адбывалася апошнім часам
- 17 траўня 2018 году, у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, амбасады Вялікай Брытаніі і ЗША ў Менску вывесілі вясёлкавыя сьцягі.
- 20 траўня 2018 Міністэрства ўнутраных спраў апублікавала заяву, дзе назвала аднаполыя адносіны падробкай.
- 21 траўня кіраўнік МУС Ігар Шуневіч назваў вывешваньне міжнароднага сымбаля ЛГБТ-супольнасьці прапагандай «непрымальнага» ладу жыцьця.
- 7 чэрвеня 2018 Шуневіч заявіў, што «ахова маральнасьці» — гэта функцыя МУС, хоць такой функцыі ў законе «Аб органах унутраных спраў» няма.
- Улетку супрацоўнікі міліцыі неаднаразова ладзілі аблавы на закрытыя ЛГБТ- і сьвінг-вечарыны, удзельнікаў затрымлівалі.
- У сьнежні 2018 году ў інтэрвію тэлеканалу АНТ Шуневіч назваў частку грамадзян Беларусі «дзіравымі». Некаторыя ўспрынялі гэтае выказваньне як адрасаванае ЛГБТК+ супольнасьці. Праваабарончы цэнтар «Вясна» назваў гэтае выказваньне гамафобным і патрабавала прыцягнуць Шуневіча да крымінальнай адказнасьці. Генпракуратура назвала выказваньне «асабістым меркаваньнем».