Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША далі Расеі 2 месяцы, каб адмовіцца ад ракетнай сыстэмы «Наватар»


Амбасадар ЗША ў Расеі Джон Хантсман
Амбасадар ЗША ў Расеі Джон Хантсман

Калі Расея на працягу 2 месяцаў не пазбавіцца ад ракетнай сыстэмы 9М729 («Наватар») альбо не мадыфікуе яе ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці (ДРСМД), ЗША пачнуць працэдуру выхаду з дамовы, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Пра гэта 6 сьнежня заявіла намесьніца дзяржсакратара ЗША у кантролі над узбраеньнямі і міжнароднай бясьпецы Андрэа Томпсан.

«Альбо вы пазбаўляецеся ад сыстэмы і ад пускавой устаноўкі, альбо мадыфікуеце гэтую сыстэму, зьмяншаючы яе магутнасьць», — сказала Томпсан падчас прэс-брыфінгу ў Дзярждэпартамэнце.

Амбасадар ЗША ў Расеі Джон Гантсман дадаў, што выхад ЗША з дамовы «не азначае, што мы адмаўляемся ад кантролю над (ядзерным) узбраеньнем», і Вашынгтон не зьбіраецца парушаць патрабаваньні ў абмежаваньні ўзбраеньняў.

«Аднак нам патрэбен надзейны партнэр, і мы ня бачым (такога партнэра) у Расеі», — дадаў амбасадар.

Злучаныя Штаты і іхныя эўрапейскія саюзьнікі абвінавачваюць Маскву ў парушэньні дамовы, падпісанай лідэрамі ЗША і СССР у 1987 годзе, паколькі ракеты 9M729 здольныя паражаць мэты ў радыюсе ад 500 км да 5 тысяч. Дамова аб РСМД, падпісаная ў Вашынгтоне ў 1987 годзе, прадугледжвала ліквідацыю ўсіх ядзерных і звычайных ракет з радыюсам дзеяньня ў 500-1000 кілямэтраў і 1000-5000 кілямэтраў, а таксама іх пускавых установак, і забараняе распрацоўку, вытворчасьць і выпрабаваньні падобных ракет.

У Маскве існаваньне ракетнай сыстэмы 9M729 («Наватар») першапачаткова адмаўлялі. Пасьля Крэмль прызнаў факт вытворчасьці ракеты, аднак расейскія ўлады настойваюць, што гэтая распрацоўка не парушае патрабаваньняў ДРСМД.

20 кастрычніка Дональд Трамп заявіў, што ЗША могуць выйсьці з дамовы, паколькі Расея пачала парушаць умовы пагадненьня яшчэ ў 2013 годзе. 4 сьнежня ўлады ЗША далі Маскве 60 дзён на тое, каб пазбавіцца ад ўзбраеньня, у адваротным выпадку ў Вашынгтоне паабяцалі распачаць выхад з пагадненьня.

Расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін папярэдзіў 5 сьнежня, што Масква пачне вытворчасьць ракет, забароненых умовамі пагадненьня 1987 году, калі Вашынгтон выйдзе з дамовы ў аднабаковым парадку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG