Паліцыя Санкт-Пецярбургу правяла ператрус у офісе некамерцыйнага фонду «Прыклад інтанацыі», створанага рэжысэрам Аляксандрам Сакуравым.
Паводле дадзеных СМІ, дырэктара фонду Мікалая Янкіна падазраюць у крадзяжы бюджэтных сродкаў «з дапамогай падробленых дакумэнтаў аб зробленых тратах» — гаворка, у прыватнасьці, ідзе аб субсыдыях камітэту па культуры на вытворчасьць фільму «Вопыты».
Інфармацыю аб праверцы фонду пацьвердзілі ў прэсавай службе МУС па Пецярбургу і Ленінградзкай вобласьці. У ведамстве падкрэсьлілі, што яна праводзіцца па факце «заявы грамадзянiна аб магчымых супрацьпраўных дзеяньнях, зьвязаных зь дзейнасьцю названай арганізацыі». Імя грамадзяніна не паведамляецца.
Паводле інфармацыі тэлеканалу RTVi, заява аб праверцы «Прыкладу інтанацыі» паступіла ў паліцыю яшчэ 5 сакавіка. Тады паліцыянты вывучылі дзейнасьць фонду і ня сталі заводзіць крымінальную справу, аднак пракуратура запатрабавала правесьці дадатковае разьбіраньня, палічыўшы першую праверку няпоўнай.
Сам Аляксандар Сакураў, камэнтуючы ператрус, заявіў, што праверка фінансавай дзейнасьці фонду ідзе ўжо некалькі месяцаў. Паводле яго слоў, спачатку гэта была звычайная плянавая праверка, якую праходзяць усе падобныя арганізацыі, а затым у паліцыю паступіў данос ад былога супрацоўніка фонду, які пазычыў вялікія грошы як у арганізацыі, так і ў рэжысёра асабіста, але не вярнуў іх. Сакураў падазрае, што дзеяньні заяўніка зьвязаныя зь яго жаданьнем сысьці ад неабходнасьці вяртаньня доўгу.
Пры гэтым рэжысёр падкрэсьліў, што гэта ўжо ня першыя даносы на фонд, і што асаблівая ўвага да яго пачалі праяўляць пасьля пасяджэньня Рады па культуры, дзе Сакураў задаў прэзыдэнту Пуціну пытаньне пра ўкраінскага рэжысэра Алега Сянцова, пасаджанага ў Расіе ў турму на 20 гадоў. З таго моманту, са словаў Сакурава, паводле рашэньня закрытага суду ФСБ праслухоўвае яго тэлефон:
«Я ведаю, што асаблівая ўвага да мяне пачалася пасьля таго пасяджэньня Рады па культуры, дзе я задаў прэзыдэнту пытаньне пра Алега Сянцова. Фармальна я не адчуваў ніякага ціску. Але калі пачалася сытуацыя з гэтым даносам, наколькі я ведаю, ФСБ актыўна падключылася да яе. Паводле рашэньня закрытага суду праслухоўваецца мой тэлефон — мабыць, для збору дадатковай інфармацыі пра маю грамадзянскую, грамадзкую, эканамічную дзейнасьць. Як гэта скончыцца, ня ведаю...
Мне некалькі разоў казалі, што мой выпадак падобныя да выпадку паважанага мною Кірыла Сярэбранікава... Паколькі пачатак цяперашняй сытуацыі пакладзены даносам, то працягвацца гэта можа бясконца. Адзін данос, другі, трэці... Пытаньне толькі ў тым, якая канчатковая мэта ў сьледзтва?»
У самога Сакурава прэтэнзій да дзейнасьці дырэктара фонду Мікалая Янкіна няма.
Некамэрцыйны фонд падтрымкі кінематографу «Прыклад інтанацыі» створаны ў 2013 годзе для дапамогі маладым кінематаграфістам. Падтрымку фонду аказвае Міністэрства культуры, Камітэт Санкт-Пецярбургу па культуры і кінастудыя «Ленфiльм». Паводле інфармацыі RTVi, у 2015-2017 гадах на рахункі фонду паступіла каля 20 мільёнаў рублёў.
3 сьнежня Сакураў стаў членам новага складу прэзыдэнцкай рады па правах чалавека. Склад быў зацьверджаны асабіста Уладзімірам Пуціным.