Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ і МУС адказалі на просьбу адкрыць архівы рэпрэсаваных, «забылі» пра заклік забараніць прапаганду сталінізму


Крыжы ў Курапатах. Ілюстрацыйнае фота
Крыжы ў Курапатах. Ілюстрацыйнае фота

«Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар» апублікаваў адказы беларускіх ведамстваў на просьбу адкрыць архівы спэцслужбаў, зьвязаныя з бальшавіцкім тэрорам і савецкімі рэпрэсіямі ў Беларусі. Адказы не станоўчыя.

У адказ на рэзалюцыю форуму «Бальшавіцкі тэрор. Права на ўсталяваньне ісьціны», а таксама пэтыцыю з больш як тысячай подпісаў МУС і КДБ апісалі цяперашні стан заканадаўства, што не абавязвае рассакрэціць такія архівы, і прапанавалі сабраць 50 тысяч подпісаў, каб зьмяніць беларускія законы. Адказы падпісаныя міністрам унутраных справаў Ігарам Шуневічам і першым намесьнікам старшыні КДБ Ігарам Сергяенкам.

«На жаль, адзінай карыснай інфармацыяй з гэтых адказаў, што паўтараюць усе ўжо вядомыя спасылкі на законы, ёсьць пункт 3, у якім абедзьве сілавыя структуры вызначылі, што „прадстаўленьне доступу да банкаў зьвестак, што знаходзяцца ў падпарадкаваньні Нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусь, адносіцца да кампэтэнцыі дадзенага архіву“. Значыць, у нас ёсьць надзея дамагчыся вольнага доступу да базы „Зьвесткі аб неабгрунтавана рэпрэсаваных грамадзянах Беларусі“, у якой няма ніякай таямніцы прыватнага жыцьця, ад Дэпартамэнту па архівах і справаводзтву», — гаворыцца на сайце «Беларускага дакумэнтацыйнага цэнтру».

У адказах КДБ і МУС ніяк ня згадваецца сёмы пункт рэзалюцыі (і пэтыцыі): «Прызнаць адмаўленьне сталінскіх рэпрэсіяў, іх апраўданьне і прапаганду сталінізму, у залежнасьці ад цяжару, адмiнiстрацыйным цi крымінальным злачынствам, для чаго ўнесьці адпаведныя зьмены ў адпаведныя Кодэксы».

«Цяперашняя ўлада — саўдзельніца злачынстваў, бо ўтойвае праўду». 10 цытатаў з форуму пра бальшавіцкі тэрор

Згаданая база налічвае 180 тысяч канкрэтных людзей з прозьвішчамі і артыкуламі, паводле якіх яны былі рэпрэсаваныя. Паводле дасьледчыка Ігара Кузьняцова, усяго ў Савецкай Беларусі было рэпрэсавана ня меней за 1 мільён 400 тысяч (а то і 1 мільён 600 тысяч) беларусаў — гэтыя лічбы зафіксаваныя дакумэнтальна. Пры гэтым 80% выпадкаў, калі людзей высылалі з палітычных прычынаў у адміністрацыйным парадку, не зафіксаваныя дакумэнтальна.

Дасьледчык Зьміцер Дрозд мяркуе, што згодна Канстытуцыі беларусы маюць права на інфармацыю аб савецкіх рэпрэсіях, а абмежаваньне доступу да архіўных дакумэнтаў, у якіх зьмяшчаюцца зьвесткі, што адносяцца да асабістай таямніцы, вызначаецца на тэрмін 75 гадоў — усе падзеі 1937-1938 гадоў, і нават 1941 году, ужо не падпадаюць ні пад якія абмежаваньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG