Сусьветны банк заяўляе, што за 2021–2025 гады інвэстуе каля 200 млрд даляраў у барацьбу са зьменай клімату.
Банк зрабіў такую аб’яву 3 сьнежня ў той час, як у польскім Катавіцэ адкрываецца 24-я канфэрэнцыя ААН аб клімаце, на якую зьбяруцца прадстаўнікі больш за 200 краін.
Сусьветны банк заявіў, што яго ініцыятыва зьяўляецца «важным сыгналам для больш шырокай сусьветнай грамадзкасьці зрабіць тое ж самае».
Канфэрэнцыя ААН пройдзе з 3 па 14 сьнежня. Галоўнай тэмай сустрэчы стане стрымліваньне глябальнага пацяпленьня і адаптацыя да зьменаў клімату. Парыскае пагадненьне аб клімаце 2015 году ставіць за мэту абмежаваць глябальнае пацяпленьне да канца стагодзьдзя двума градусамі Цэльсія.
Паводле парыскага пагадненьня, багатыя краіны, адказныя за большасьць выкідаў парніковых газаў, павінны даць сродкі, якія краіны, што разьвіваюцца, маглі б выкарыстоўваць, каб зрабіць свае эканомікі больш спрыяльнымі для клімату.
Рашэньне прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа адмовіцца ад парыскага пагадненьня выклікала занепакоенасьць, што такіх сродкаў можа не хапіць.
Прапанова Сусьветнага банка стане запэўненьнем краінам, найбольш уразьлівым да наступстваў зьмены клімату.