Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Абавязаць дэпутата разьмясьціць партрэт прэзыдэнта». На Канапацкую напісалі скаргу


Партрэт Лукашэнкі на сьцяне. Архіўнае фота
Партрэт Лукашэнкі на сьцяне. Архіўнае фота

Жыхарка Менску напісала скаргу на апазыцыйную дэпутатку Палаты прадстаўнікоў Ганну Канапацкую, у якой запатрабавала разьмясьціць у працоўным кабінэце апошняй партрэт Аляксандра Лукашэнкі.

«Спадарыня не з маёй акругі не паленавалася прыехаць у сакратарыят і напісаць такую скаргу», — расказвае Свабодзе дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая.

У скарзе грамадзянка просіць «абавязаць дэпутата Канапацкую разьмесьціць на сьцяне працоўнага кабінэта партрэт прэзыдэнта». Падставай для яе, паводле звароту, стала інтэрвію дэпутаткі выданьню «Наша ніва».

У аддзеле працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў Палаты прадстаўнікоў Свабодзе пацьвердзілі, што такі зварот да іх паступаў.

«Гэта дэпутацкая пошта. У адпаведнасьці з законам пра статус дэпутата мы да яе ня маем дачыненьня. Дэпутатка мусіць вырашыць гэтае пытаньне і адказаць грамадзянам, — кажа супрацоўніца. — Аніякіх інструкцый наконт таго, як мусіць выглядаць кабінэт дэпутата Палаты прадстаўнікоў, няма».

Ганна Канапацкая сустракаецца з выбарнікамі сваей акругі. Архіўнае фота
Ганна Канапацкая сустракаецца з выбарнікамі сваей акругі. Архіўнае фота

«У адпаведнасьці з законам пра статус дэпутата кабінэт і жытло дэпутата недатыкальнае», — тлумачыць Ганна Канапацкая, юрыстка паводле прафэсіі. Яна кажа, што абавязваць яе павесіць партрэт дзе б ні было ніхто ня можа. А сакратарыят Палаты прадстаўнікоў ужо падрыхтаваў для грамадзянкі адказ на падставе закону пра статус дэпутата.

Раней, кажа Канапацкая, гэта жанчына на яе ня скардзілася. Іншых падобных скаргаў таксама не паступала.

«Захапляюся такім чалавекам, — сьмяецца дэпутатка. — Не паленавалася ў такое надвор’е зь іншага раёну Менску прыехаць і напісаць такую скаргу. Але я лічу, што ў кабінэце чыноўніка не партрэт прэзыдэнта мусіць вісець, а Канстытуцыя стаяць. Прычым зацёртая да дзірак, бо ён яе чытае і прымяняе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG