Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новае з 1 сьнежня: База дармаедаў, ідэнтыфікацыя камэнтатараў, штраф за летнюю гуму. Што яшчэ?


Ілюстрацыйнае фота. Акцыя пратэсту супраць прэзыдэнцкага «дэкрэту аб дармаедах» у Магілёве, 2017 год
Ілюстрацыйнае фота. Акцыя пратэсту супраць прэзыдэнцкага «дэкрэту аб дармаедах» у Магілёве, 2017 год

Таксама з 1 сьнежня ў Беларусі падаражае тытунь, павялічыцца працягласьць платных дарог; магчыма, зноў на 1 капейку падаражае бэнзін.

Онлайн-база дармаедаў

1 сьнежня ў Беларусі мае стаць даступнай створаная згодна з абноўленым «дармаедзкім» дэкрэтам Аляксандра Лукашэнкі база працаздольных грамадзянаў, не занятых у эканоміцы.

Доступ да базы зможа атрымаць кожны на Адзіным партале электронных паслуг, логін і пароль для ўваходу трэба атрымаць ў службе «адно акно».

А з 1 студзеня 2019 году «дармаеды» будуць плаціць па поўным тарыфе за некаторыя жыльлёва-камунальныя паслугі.

Рэгістрацыя камэнтатараў

З 1 сьнежня камэнтатараў на беларускіх сайтах будуць ідэнтыфікаваць па нумары тэлефона. Каб пакінуць камэнтар, трэба будзе пазначыць нумар, на які прыйдзе SMS з праверачным кодам. А ўладальнікі інтэрнэт-рэсурсаў і сеткавых выданьняў павінны захоўваць інфармацыю пра карыстальнікаў і даваць яе на патрабаваньне кампэтэнтных органаў.

Падаражэюць цыгарэты і бэнзін

Цэны на сыгарэты Горадзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман» вырастуць на 3-16 капеек. Некаторыя маркі цыгарэт «Тутынь-інвэсту» падаражаюць на 5-10 капеек. Да гэтага цэны на некаторыя маркі цыгарэт падымаліся з 1 лістапада.

Таксама чакаецца традыцыйнае падаражаньне бэнзіну — на 1 капейку раз на тыдзень.

Штрафы за летнія шыны

З 1 сьнежня ДАІ пачне штрафаваць за летнія шыны. Кіроўцам неабходна «пераабуць» свае аўтамабілі ў зімнюю гуму (з адпаведнай маркіроўкай і вышынёй рысунку ня меншай за 4 мілімэтры).

За язду на аўтамабілі бязь зімніх шын штраф складзе 0,5 базавай велічыні (12,25 рубля). За паўторнае парушэньне цягам году пагражае штраф ад 2 да 5 базавых. ДАІ будзе праводзіць рэйды і шукаць парушальнікаў.

Новыя платныя дарогі

З 1 сьнежня на 113 кілямэтраў павялічыцца працягласьць платных дарог у Беларусі (плацяць уладальнікі машын вагой звыш 3 тон і іншаземцы). Увядуць новыя ўчасткі:

  • М6/Е28 Менск — Горадня — мяжа Рэспублікі Польшча (Брузгі) — ад 57-га да 132-га км;
  • М6/Е28 Менск — Горадня — мяжа Рэспублікі Польшча (Брузгі) — ад 196-га да 212-га км;
  • Р28 Менск — Маладэчна — Нарач — ад 12-га до 32-га км.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG