Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятара незарэгістраванай царквы будуць судзіць за зьбіраньне міласьціны


Айцец Вікенці
Айцец Вікенці

«Мала таго, што 20 гадоў царкву не рэгіструюць, дык і міласьціну на царкву не даюць зьбіраць па людзях. Жыві як хочаш. А цяпер яшчэ і судзіць за гэта будуць», — кажа Свабодзе сьвятар непрызнанай Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

Айцец Вікенці (у звычайным жыцьці Віктар Кавалькоў), атрымаў позву ў Першамайскі раённы суд Менску. 30 лістапада яго будуць судзіць паводле адміністрацыйнага пратаколу аб парушэньні 17.1 артыкулу Кодэксу адміністрацыйных правапарушэньняў.

«У пад’езьдзе прасіў міласьціну ў жыхароў дома, чым парушыў грамадзкі парадак і спакой грамадзян, праявіў яўную непавагу да грамадзтва», — запісана ў пратаколе, складзеным на сьвятара незарэгістраванай царквы.

Як затрымалі сьвятара

Інцыдэнт адбыўся 26 лістапада. Як цяпер ведае айцец Вікенці з дакумэнтаў, міліцыянтаў выклікалі два насельнікі дома, дзе ён зьбіраў міласьціну. Але сьвятар ня верыць, што гэтыя людзі сапраўды былі нечым пакрыўджаныя.

«Так, я хадзіў па кватэрах і прасіў грошай на царкву. Зразумела, што і на сваё пражыцьцё, бо ўсе сьвятары жывуць з грошай, якія даюць прыхаджане. Але ж я нікога не прымушаў, нікога не абражаў. Шмат хто даваў грошы — сабраў 52 рублі. Былі і тыя, хто адмаўляў, але я ня крыўдзіўся і сыходзіў. У чым тут парушэньне парадку, не разумею».

Ноч у пастарунку

Увечары 26 лістапада айца Вікенція затрымалі, прывезьлі ў Першамайскі апорны пункт міліцыі і пакінулі на ноч у пастарунку.

«Было вельмі холадна, спаць было немагчыма на цьвёрдых дошках. Да таго ж сярод ночы ў камэру завялі нецьвярозага чалавека, ён быў амаль разьдзеты, і я аддаў яму сваё паліто, каб ня зьмёрз», — кажа айцец Вікенці пра час, праведзены ў міліцыі.

На пасьведчаньне інваліда не рэагавалі

Паводле айца Вікенція, міліцыянты не зьвярталі ўвагі на ягонае пасьведчаньне інваліда 2-й групы, а наконт сьвятарства казалі, што ён шарлатан.

Айцец Вікенці — сьвятар незарэгістраванай Беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы, якая ўжо больш за 20 гадоў спрабуе зарэгістравацца, але кожны раз атрымлівае адмову.

Паводле айца Вікенція, інваліднасьць ён атрымаў у 1983 годзе ў баях у Аўганістане.

«Жыву на пэнсію ў 100 даляраў і яшчэ свае грошы аддаю на царкоўныя патрэбы», — кажа айцец Вікенці.

Міліцыя не камэнтуе

У Першамайскім РУУС Менску адмовіліся камэнтаваць затрыманьне за зьбіраньне міласьціны айца Вікенція.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG