Сьпіс усясьветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны можа папоўніцца беларускім адрасам.
На 13-й сэсіі Міжурадавага камітэту аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO, якая 26 лістапада — 2 сьнежня будзе праходзіць у Порт-Люісе, сталіцы ўсходнеафрыканскай астраўной дзяржавы Маўрыцыюс, разгледзяць беларускую заяўку.
Як паведаміла дырэктарка фонду «Культурная спадчына і сучаснасьць» Ала Сташкевіч, будзе разглядацца беларуская намінацыя ў рэпрэзэнтацыйны сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва «Будслаўскі фэст. Урачыстасьці ў гонар ушанавання Маці Божай Будслаўскай».
На сёньня, паводле спадарыні Сташкевіч, беларуская прапанова ня мае заўваг і рэкамэндаваная экспэртным бюро да ўнясеньня ў пашыраны сьпіс.
Агулам Міжурадавы камітэт агучыць рашэньне пра сем заяваў аб уключэньні ў пералік культурных зьяваў і традыцыяў, якія маюць патрэбу ў тэрміновай абароне, а таксама чатыры дзясяткі просьбах пра ўнясеньне ў сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.
Будслаўскі фэст — штогадовае сьвяткаваньне аб’яўленьня цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай. Фэсту папярэднічае масавая пілігрымка на пачатку ліпеня ў гонар Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Беларусі. З розных гарадоў у Будслаў пешкі дабіраюцца дзясяткі тысяч вернікаў зь Беларусі, Польшчы і Расеі. У прыватнасьці, зь Менску да Будслава яны праходзяць 125 кілямэтраў.
Пакуль у сьпісы UNESCO ўключаны чатыры абʼекты матэрыяльнай спадчыны:
- Белавеская пушча;
- Мірскі замак;
- Нясьвіскі палацава-паркавы комплекс;
- геадэзічная дуга Струвэ.
І адзін нематэрыяльнай:
- абрад «Калядныя цары».